Сьледчыя не дазволілі часова пакінуць краіну старшыні незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу, якога ў Беларусі абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», паведамляе Радыё Свабода.

Фядыніча ўключылі ў склад дэлегацыі глябальнага прафсаюзу IndustriALL, якая ад 29 траўня ўдзельнічае ў канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Жэнэве.

«Кіраўнік сьледчай групы сказаў Фядынічу, што калі б за мяжу трэба было ехаць для лячэньня, то тады, верагодна, дазвол далі б. А міжнародная канфэрэнцыя ня ёсьць падставай для паездкі ў Жэнэву пры такой сур’ёзнай крымінальнай справе», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар РЭП Мікалай Герасіменка.

Генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс у лісьце на імя Сьледчага камітэту прасіў дазволіць Генадзю Фядынічу выехаць часова зь Беларусі. Прафсаюзы бралі на сябе гарантыю вяртаньня на радзіму прафсаюзнага лідэра, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Глябальны саюз IndustriALL аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах сьвету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0