Сярод кніг па гісторыі Беларусі мне заўсёды бракавала сур’ёзных тэкстаў, напісаных папулярнай мовай. Не навуковым стылем, а даступна, ясна і цікава. Кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына» — гэта ўзор таго, як навуковец можа пісаць простай мовай пра важныя рэчы.

Памятаеце показку? Мужык злавіў залатую рыбку і ўсе тры пажаданьні выкарыстаў на тое, каб зрабіць сабе вялікімі нос, вочы і вушы. І калі рыбка спыталася, а чаму не багацьце ці жанчына, мужык зьдзіўлена адказаў: «А што, можна было?»

У беларускай гістарычнай навуцы шмат кніжак пра факты. Але прац з інтэрпрэтацыяй гэтых фактаў вобмаль. Гэта інэрцыя савецкай спадчыны, калі ў школах мы зубрылі гістарычныя даты і апісаньні бітваў, але рэдка асэнсоўвалі сутнасьць гэтых падзей і іх значэньне. Але цяпер можна. І Сяргей Абламейка гэта робіць.

1. Калі б мне давялося прыдумаць мянушку для Сяргея Абламейкі, я б без сумневаў назваў яго Google. Назавіце Сяргею нейкае слова, і ён вам выдасьць усе магчымыя адказы. Аўтар — эрудыт. Гісторыя, архітэктура і мастацтва — гэта яго стыхія. Аднойчы мы ехалі аўтамабілем па Празе, і Сяргей каля 15 хвілінаў расказваў мне пра шрыфты Скарыны. Праз тыдзень у яго быў гатовы тэкст «Як Скарына знайшоў беларусам антычнасьць» паводле той «лекцыі». Іншым разам за келіхам віна ён амаль 20 хвілінаў захоплена распавядаў пра італьянскага мастака Джота. Абламейка кайфуе ад гісторыі.

2. Пра Скарыну напісана некалькі тысяч прац. Гэта каштоўныя тэксты, але большасьць зь іх, на жаль, ніколі ня стануць даступнымі для шырокай публікі. Кніга Абламейкі акурат для масаў. Гэта чытво і для школьніка, і для рабочага Жабінкаўскага торфабрыкетнага заводу, і для пэнсіянеркі на лецішчы. Кароткія сказы, кароткія эсэ, інтрыгоўныя тэмы, стылёвая мова.

3. Аўтар ня проста прыводзіць факты, ён цікава пра іх расказвае. Чаму Скарына выбраў Прагу, ці добрым лекарам ён быў, чаму яго навучыла Вэнэцыя, дзе ён натхніўся на выданьне кніг, ці ўсю Біблію ён пераклаў, ці сапраўды Скарына хацеў атруціць Лютэра. Гэта тая беларуская гісторыя, пра якую я хачу чытаць. Што еў Скарына, што піў, як бавіў вольны час. Аўтар ня проста сыпле фактамі, ён іх інтэрпрэтуе, аналізуе, дае свае вэрсіі. Тэксты Абламейкі зь «Нечаканага Скарыны» — гэта гатовы сцэнар для дакумэнтальнага цыклу Discovery History.

4. Сяргей Абламейка захапляе сваёй інтэлектуальнай адвагай і дыхтоўным падыходам да дэталяў. Ён фармулюе свае тэзісы так, што ў некага гэты нефарматны погляд на Скарыну можа сарваць дах. Ну, маўляў, які са Скарыны беларускі нацыяналіст нумар 1, або дзе аўтар бачыць кумпяк побач зь першадрукаром на ягоным партрэце? (дарэчы, да Абламейкі і я ня бачыў там купмяка, а цяпер бачу). Гэта кніга ня проста «пачытаў і забыў». Гэта займальная інтэлектуальная гімнастыка, здольная правакаваць спрэчкі і дыскусіі, падабайкі і дызлайкі.

5. Сяргей Абламейка для мяне сёньня — адзін з найлепшых беларускіх эсэістаў. Ён піша пра тое, што яму цікава; пра тое, за што яму баліць і пра тое, што ён любіць.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?