Аляксандр Лукашэнка і федэральны канцлер Аўстрыі Себасц'ян Курц правялі размову, па выніках якой кіраўнік Беларусі атрымаў запрашэнне на візіт у Вену. 

Для беларускіх палітычных рэалій гэтая сітуацыя даволі рэдкая — Лукашэнка ў Заходняй Еўропе не часты госць. 

«Наша Ніва» папрасіла падзяліцца чаканнямі і прагнозамі па гэтай падзеі Валерыя Варанецкага — былога пасла Беларусі ў Аўстрыі, а цяпер кіраўніка камісіі па міжнародных справах парламента.

«Наша Ніва»: Ці можна лічыць гэтае запрашэнне поспехам беларускай дыпламатыі?

Валерый Варанецкі: Гэтае запрашэнне не выпадковае. Хачу нагадаць, што Курц некалі нанёс нам першы афіцыйны візіт у гісторыі двухбаковых адносін як міністр замежных спраў Аўстрыі, тады ён сустракаўся з Лукашэнкам. Таксама ён тут быў з візітам як старшыня Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, удзельнічаў у парламенцкай сесіі ў Мінску і тады таксама сустракаўся з Лукашэнкам. Можна прыгадаць і сустрэчу прэзідэнтаў у Нью-Ёрку. Таму я тут нечаканага нічога не бачу, гэта інэрцыя адносін.

«НН»: У расійскім экспертным асяродку ўжо гучаць думкі, што гэты візіт будзе ў піку Расіі. 

ВВ: Толькі безадказныя людзі могуць так спекуляваць. Расія для Беларусі самы галоўны партнёр, пра гэта не вядзецца дыскусій. Аднак наш прэзідэнт заўсёды казаў, што Беларусь будзе праводзіць шматвектарную палітыку — мы заўсёды да гэтага імкнуліся, але не заўсёды маглі забяспечыць тую шматвектарнасць, таму што былі і санкцыі, і абмежаванні. Гэта не дазваляла ў поўнай меры развіваць заходні вектар.

І вельмі добра, што мы сёння маем магчымасць збалансаваць адносіны з геапалітычнымі гульцамі. Для нас адносіны з Еўрасаюзам вельмі важныя: гэта і наш рынак (другі пасля Расіі), і рэсурсы, і тэхналогіі. Да і проста Еўропа — гэта наш вялікі сусед. Таму ніякай гаворкі пра «піку» весціся не можа, гэта не супрацоўніцтва супраць кагосьці, а супрацоўніцтва на карысць забеспячэння інтарэсаў Вялікай Еўропы. 

«НН»: Наколькі гэты візіт палепшыць успрыманне Лукашэнкі ў Еўропе? Доўгі час ён лічыўся нелігітымным.

ВВ: Калі сюды прыязджаюць кіраўнікі першых краін Еўропы, дэпутаты, то я лічу няслушным нават ставіць пытанне пра легітымізацыю — яно знятае.

Безумоўна, гэта будзе вельмі важны крок для развіцця не толькі беларуска-аўстрыйскіх, але і для стварэння імпульсу развіцця беларуса-еўрапейскіх адносін агулам. Галоўнае, што Беларусь такімі крокамі выходзіць на фарміраванне паўнавартаснага заходняга вектара палітыкі, пры гэтым захоўваючы добрыя адносіны з Расіяй. Гэта важны для забеспячэння незалежнай дзяржавы баланс. Так, мы кажам пра нейтральнасць, але нейтральнасць не роўнавыдаленую, а роўнанабліжаную да партнёраў. 

«НН»: А пра што Курц з Лукашэнкам будуць гаварыць? Ці будуць аўстрыйцы падымаць традыцыйна адчувальныя для кіраўніка Беларусі тэмы разнявольвання грамадства і дзяржаўнай сістэмы? 

ВВ: Аўстрыйцы праводзяць прагматычную знешнюю палітыку, некалі Брусэль уводзіў нават санкцыі супраць Вены за тое, што да ўлады там прыйшла правая партыя. У аўстрыйцаў сваё бачанне Беларусі, яны ў свой час вельмі моцна спрычыніліся да адмены санкцый у адносінах да нашай краіны, адыгралі хіба не галоўную ролю. І ў палітыцы галоўнае — гэта нацыянальныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы, аўстрыйцы думаюць пра гэта, на прагматычных рэчах і будзе засяроджана ўвага. 

Гэта будуць сустрэчы з бізнесам, для нас гэта важна. Аўстрыя — багатая высокатэхналагічная краіна. Зразумела, што будзем прапаноўваць ім інвеставаць, а яны будуць цікавіцца, як лепш гэта зрабіць. Зрэшты, Аўстрыя і з'яўляецца адным з самых вялікіх інвестараў у нашу эканоміку. І гэта не нейкія крэдыты ці пераводы, якія праходзяць праз банкаўскія сістэмы іншых краін, а сапраўды прамыя інвестыцыі. Згадайце той жа «Кранаспан», які ўжо пяць, здаецца, заводаў збудаваў у нас. Тэма бізнэса будзе адной з галоўных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?