Па дадзеных перапісу насельніцтва за 2009 год, 53% рэспандэнтаў назвалі беларускую роднай мовай, аднак толькі 23% размаўляюць па-беларуску дома.

«Беларусы, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць на роднай мове, наўрад ці ставяцца да гэтага, як да пэўнага дасягнення, і могуць пасаромецца самі рэгістравацца на сайце. Але нам вельмі хочацца заахвоціць гэтых людзей, таму мы прапануем родным ці сябрам вылучыць сваіх беларускамоўных блізкіх, — распавядае намеснік дырэктара па маркетынгу брэнда «Белы полюс» Максім Журовіч.

— Я заўжды з вялікай павагай стаўлюся да сваіх беларускамоўных сяброў і калег. За выбар на карысць беларускай мовы кожнаму з іх хочацца сказаць «дзякуй». І гэта адна з мэт, дзеля якіх мы і запусцілі акцыю «Краiна марозiва».

Збіраць заяўкі на сайце будуць да пятніцы. Пасля гэтага іх апрацуюць і надрукуюць спецыяльныя пашпарты ганаровых грамадзян «Краiны марозiва». Па іх на фэсце кожную гадзіну белыя мядзведзі будуць частаваць бясплатным пламбірам. Арганізатары не ведаюць, колькі беларускамоўных грамадзян зарэгіструюць, таму пакуль што падрыхтавалі 2000 пашпартоў. Але калі будзе неабходна, надрукуюць больш спецыяльна да фэсту.

«Краiна марозiва» з’явіцца 30 чэрвеня вакол Мінск-Арэны. Тэматычны забаўляльны парк пабудуюць у гонар 80-годдзя беларускага пламбіру. Свята абяцаюць зрабіць мова-фрэндлі: афіцыйнай мовай будзе беларуская, а імправізаванай сталіцай стане «Мова-сіці». Тут можна будзе згуляць у велізарны беларускамоўны «Скрабл», паспрабаваць сябе ў «Мафіі» і іншых настольных гульнях.

Госці наведаюць сеанс speed-dating, дзе іх навучаць упэўнена размаўляць з кім заўгодна і на любую тэму менавіта па-беларуску: пра надвор’е, займальную кнігу, новы блокбастар альбо ўлюбёны смак марозіва.

«Размаўляць на роднай мове ці не — гэта асабісты выбар кожнага чалавека, але любіць яе — гэта бадай што абавязак. Мы не проста так робім вялікі акцэнт на беларускай мове на нашым фестывалі. «Белы полюс 1938» — гэта пламбір, які сёлета мы аднавілі па нацыянальным рэцэпце 80-гадовай даўніны. Такі прадукт абавязаны размаўляць са спажыўцамі на мове Коласа і Купалы. У «Краіне марозіва» мы паспрабуем паказаць усю яе прыгажосць і сучаснае гучанне. Мы упэўненыя, што яна можа дарыць такія ж пазітыўныя эмоцыі, як і марозіва», — тлумачыць Максім Журовіч.

Музычная частка фестывалю таксама будзе толькі беларускамоўная. Першыя чатыры «дзякуй» ужо паляцелі да хэдлайнераў фэсту — Akute, Shuma, «Разбiтае сэрца пацана» і «Маланка Аркестр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?