У парламенце Кубы абмяркоўваецца праект новай канстытуцыі краіны, які мусіць замяніць дзейную канстытуцыю, прынятую ў 1976 годзе. Асноўны закон павінен прызнаць права грамадзян на прыватную ўласнасць. Акрамя таго, замест будаўніцтва «камуністычнага грамадства» ў якасці мэты праект канстытуцыі прапануе «будаўніцтва сацыялізму», паведамляе DW.

Хоць кіруючай палітычнай сілай застаецца камуністычная партыя, праект канстытуцыі прадугледжвае вялікую ступень размежавання ўлады пасля амаль 60-гадовага праўлення братоў Кастра. Згодна з дакументам, замест прэзідэнта ўрад узначаліць прэм'ер-міністр.

Праект новага асноўнага закона прадугледжвае абмежаванні для прэзідэнта па ўзросце і часе знаходжання на пасадзе. Так, пры першым уступленні на пасаду прэзідэнт Кубы павінен быць не старэйшым за 60 гадоў, акрамя таго, ён не можа абірацца больш за два разы запар. Тэрмін знаходжання на пасадзе прэзідэнта — 5 гадоў.

Таксама стала вядома, што ў новай канстытуцыі Кубы хочуць дазволіць аднаполыя шлюбы. У праекце дакумента гаворыцца, што «шлюб — гэта добраахвотны саюз паміж двума людзьмі» без указання іх полу. У гэтым пытанні яшчэ пры Фідэлю Куба імкнулася гарантаваць свабоды, якія адстойвае еўрапейская лявіца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0