Цэны на мяса птушкі выраслі практычна на траціну. У МАРГ лічаць, што для росту цэнаў няма ніякіх падставаў, і праводзяць антыманапольнае расследаванне. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

«Цэны на мяса птушкі істотна выраслі, прычым за кошт росту цаны вытворцаў. Пры тых жа самых гандлёвых надбаўках вытворцы павялічылі цану і пры гэтым адмянілі зніжкі, якія раней даваліся», — заявіў Іван Вежнавец.

Паводле яго слоў, у шэрагу гандлёвых аб'ектаў цана мяса птушкі вырасла на 28%. У МАРГ лічаць, што такі істотны рост цэнаў неабгрунтаваны.

«Аб'ектыўных фактараў для такога росту цэнаў на бягучы момант няма. Курс стаіць на месцы, цэны на энерганосьбіты не растуць, і іншых фактараў, якія так бы маглі паўплываць на цану, у вытворцы няма», — лічаць у МАРГ.

У ведамстве адзначылі, што ў ходзе маніторынгу высветлілася, што сем найбуйнейшых вытворцаў птушкі «істотна і ў адзін момант» паднялі цэны на мяса. Астатнія вытворцы падцягнуліся за лідарамі і паднялі цэны да таго ж узроўня.

«Такое адначасовае павышэнне цэнаў без аб'ектыўных прычын мае ўсе прыкметы цэнавай змовы. На гэтым тыдні мы пачалі антыманапольнае расследаванне ў дачыненні да найбуйнейшых вытворцаў мяса птушкі », — дадаў намеснік кіраўніка МАРГ

Расследаванне можа заняць да трох месяцаў, але, улічваючы абставіны, МАРГ паспрабуе завяршыць яго як мага хутчэй. Калі буду прызнаны факт парушэння, то матэрыялы расследавання будуць адпраўленыя ў суд для прыцягнення суб'ектаў да адміністрацыйнай адказнасці. Максімальны памер штрафу можа скласці да 10% ад гадавой выручкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?