30 ліпеня пачаўся працэс па справе старшыні незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і бухгалтара РЭП Ігара Комліка. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Генадзь Фядыніч (справа) і Ігар Комлік прыйшлі на працэс у вышыванках.
Падтрымаць Фядыніча і Комліка прыйшло пад сотню людзей. Сярод іх палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, актывіст Леанід Кулакоў, праваабаронца Валянцін Стэфановіч… Прыйшоў нават Станіслаў Шушкевіч. У залу трапіла 65 чалавек чалавек.
Генадзь Фядыніч паведаміў суддзі, што яшчэ загадзя прасіў арганізаваць працэс у большым памяшканні, але гэта праігнаравалі. Цяпер ён падаў хадайніцтва, каб пасяджэнне перанеслі ў іншую залу, але суддзя Фёдарава адхіліла яго.
Цікава, што на ўваходзе ў залу паставілі металашукальнікі, а людзей абшуквалі міліцыянты — надзвычайныя меры бяспекі, якія ўжываюцца толькі на самых рэзанасных справах.
Перад працэсам Ігар Комлік паведаміў, што спадзяецца на пазітыўны вынік: «Чакаю, што выйдзем адсюль нармальна».
Таксама ён паведаміў, што падаў у суд за паклёп на рэсурс Белновості: «Бо распаўсюджваюць нейкую лухту. Нібыта я краў грошы, набываў за іх нейкія кватэры…»
Ігар Комлік.
Ігар Комлік паведаміў суддзі на пачатку працэса: «Я судовай сістэме не давяраю, бо ў нас даўно няма прававой дзяржавы. Але ж калі я заяўлю вам адвод, вас заменяць іншым вінцікам. Таму хадайніцтваў не маю».
Затым пракурор зачытаў абвінавачванне.
Па версіі следства, Фядыніч і Комлік адкрылі рахунак прафсаюза РЭП у літоўскім банку у 2011 годзе. Туды ім перавялі сродкі замежныя донары, Комлік зняў грошы, з дапамогай іншых перавёз у Беларусь.
«Фядыніч і Комлік дзейнічалі як група асобаў па папярэдняй змове: не зарэгістравалі сродкі як грашовую дапамогу ад замежнікаў, такім чынам атрымалі прыбытак у 17 тысяч даляраў», — зачытаў пракурор. Пазней у тым жа годзе такім жа чынам абвінавачаныя, паводле версіі следства, абышліся са 140 тысячамі еўра.
«Не разумею, як я мог адкрыць рахунак у Літве, калі 15 месяцаў у той перыяд не выязджаў з Беларусі?» — падзівіўся Генадзь Фядыніч. Віну ён не прызнаў.
Ігар Комлік назваў абвінавачванне выдуманым. Не прызнаў віну і ён.
Суддзя вырашыла абвесціць перапынак да 14:30, а пасля выслухаць паказанні сведкаў.
У 2011 годзе па справе з аналагічнымі абвінавачаннямі быў асуджаны Алесь Бяляцкі. Ён атрымаў 4,5 года зняволення. Праваабаронцы Беларусі і свету аднагалосна прызналі Бяляцкага палітвязнем.
Нагадаем, справа пачалася год таму. У жніўні 2017 года ў офісах РЭП і ў кватэрах старшыні і бухгалтара прайшлі ператрусы. Затрымалі Генадзя Фядыніча, але пасля адпусцілі. Бухгалтар Ігар Комлік правёў пад вартай амаль 2 месяцы. Цяпер яны на волі, але пад падпіскай.
Дарэчы, 31 ліпеня Фядынічу спаўняецца 61 год.





