Сведка па справе Фядыніча і Комліка Юлія Юхнавец прызналася ў судзе, што была агентам КДБ.
Юлія Юхнавец. Фота з Інстаграма
Юхнавец працавала ў прафсаюзе РЭП з 2014 па 2016 гады на пасадзе сакратара. У яе абавязкі ўваходзіла складанне загадаў, карэспандэнцыя, тэлефанаванні. Сведка таксама заявіла, што яна некалькі разоў выязджала ў Вільню, прыкладна раз у месяц, часам радзей, і прывозіла адтуль пэўныя сумы.
— Юлія Мікалаеўна, вы можаце нешта дакладна паведаміць пра дзейнасць прафсаюза, Фядыніча і Комліка ў 2011 і 2012 гадах? — удакладніла адвакат.
— Не, я не працавала ў гэты час у прафсаюзе. Я працавала ў ім з 2014 года, да гэтага з Комлікам і Фядынічам не была знаёмая, пра дзейнасць прафсаюза нічога не ведала, — заявіла Юхнавец.
— Вы грошы пералічылі толькі адзін раз? — спытала адвакат Комліка Людміла Казак.
— Так, — адказала Юхнавец.
— А навошта вы іх сфатаграфавалі?
— Для асабістай цікавасці.
— Навошта?
— Ну таму што тады супрацоўнічала з Камітэтам дзяржбяспекі.
— З якога моманту супрацоўнічалі?
— З самага пачатку.
— З 2015 года супрацоўнічалі з КДБ? У якасці каго?
— У якасці агента.
У гэты момант у зале пачуўся крык «Ганьба!» і апладысменты.
— Вы за супрацоўніцтва ўзнагароджанне атрымлівалі? — удакладніла адвакатка.
— Так, атрымлівала, — адказала Юхнавец.





