Фота: belvisit.com.

Фота: belvisit.com.

Актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў Дар’я Бараноўская распавяла «Нашай Ніве» пра падзеі, якія адбыліся на днях у Шчучынскім раёне. 20—27 ліпеня на тэрыторыі сядзібы Святаполк-Чацвярцінскіх у вёсцы Жалудок мусіў адбыцца летнік Задзіночання, але перад самым яго стартам уладальніцу сядзібы выклікалі ў райвыканкам. Пасля гэтага яна рэзка перадумала прымаць гасцей.

Яшчэ год таму, вандруючы аўтастопам па Беларусі, Дар’я Бараноўская наведала сядзібу ў Жалудку. Дзяўчына на свае вочы ўбачыла на яе тэрыторыі смецце. І калі Дар’я бліжэй пазнаёмілася з гаспадыняй сядзібы Сафіяй Гаўрылавай, то прапанавала наступным летам зладзіць тут валанцёрскі летнік, адной з мэт якога будзе якраз прыбіранне смецця.

Камунікацыя з Сафіяй аднавілася ў красавіку. Атрымаўшы ад Гаўрылавай дазвол на прыезд групы студэнтаў у Жалудок, Дар’я з каляжанкай пачала займацца арганізацыйнымі момантамі. Планавалася, што ўсе ахвотныя пададуць заяўку на адпачынак у летніку, здадуць грошы на ежу і з 20 да 27 ліпеня будуць жыць у Жалудку ў намётах, прыбірацца і адпачываць. Такіх ахвотных назбіралася 21 чалавек, усе яны купілі квіткі. Дзеля сваіх будучых гасцей уладальніца сядзібы нават набыла электрычную плітку, каб яны мелі магчымасць гатаваць ежу.

Але за 3 дні да старту летніка Сафія адказала, што ўсё адмяняецца, бо ў тыя ж даты «запланаваныя буйныя рамонтныя работы пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка». Пасля гэтага гаспадыня зусім перастала выходзіць на сувязь з арганізатаркамі. Калі Дар’я ўсё ж датэлефанавалася Сафіі, то пачула, што «ўсё трэба было загадзя ўзгадняць з уладамі, тады б праблем не было».

Пазіцыя гаспадыні сядзібы наконт патэнцыйных гасцей змянілася літаральна за некалькі дзён.

Пазіцыя гаспадыні сядзібы наконт патэнцыйных гасцей змянілася літаральна за некалькі дзён.

«Я спецыяльна патэлефанавала на прахадную сядзібы, каб высветліць, ці сапраўды ў гэтыя даты ўваход туды будзе забаронены. На што мне адказалі, што прыязджаць можна спакойна, толькі варта загадзя папярэдзіць. Калі ж жанчына на тым канцы провада пачула, што цікавяцца графікам «тыя самыя валанцёры», то перайшла на больш строгі тон і выдала, што мы займаемся антысавецкай прапагандай і калі мы прыедзем, то яны выклічуць міліцыю», — распавяла арганізатарка. І дадала:

«Да самой гаспадыні ў мяне прэтэнзій няма, яна вельмі нам дапамагала. Але бачна, што яе запужалі, яна зусім перастала са мной кантактаваць».

Мы датэлефанаваліся Сафіі Гаўрылавай, але яна адмовілася ад любых каментароў па тэме.

А вось у аддзеле ідэалогіі Шчучынскага райвыканкама пацвердзілі, што размова пра летнік у Жалудку ў іх кабінетах вялася: «Ад гаспадыні сядзібы мы зразумелі, што да яе прыедуць валанцёры, студэнты, якія будуць прыбіраць тэрыторыю, але мы патлумачылі, што патрэбна аформіць афіцыйную заяву (пазначыць, хто праводзіць летнік, яго мэты, задачы, адказных, колькасць удзельнікаў і гэтак далей). Усё гэта — у імя бяспекі. Узор заявы я гаспадыні даслала, але заяву нам ніхто з арганізатараў мерапрыемства не даслаў. На гэтым наш дыялог скончыўся. Хто б нёс адказнасць, калі б нехта з маладых людзей патапіўся ў рэчцы? Акрамя таго, мы бачылі на сайце Задзіночання, што ў межах летніка планавалася не проста прыбіраць смецце, а яшчэ ладзіць і нейкую культурную праграму — гэта ўжо масавае мерапрыемства. Заяву можна было напісаць за пару дзён, але ніхто нічога не зрабіў. Мы праводзіць летнік не забаранялі, але далі зразумець, што без заявы за ўсе наступствы будзе адказваць Сафія Гаўрылава».

У райвыканкаме запэўнілі, што галоўнай мэтай іх размовы з гаспадыняй сядзібы стаў клопат пра «забяспячэнне бяспекі для студэнтаў». Але чаму пра бяспеку згадалі толькі за некалькі дзён да старту летніка — тут ужо застаюцца пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?