У Доме правасуддзя працягвалася слуханне па справе кіраўнікоў прафсаюза РЭП, якіх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, піша tut.by.

За гэта ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

31 ліпеня да пачатку працэсу ўсе віншавалі Генадзя Фядыніча з днём нараджэння.

— Паважаныя калегі, сёння дзень нараджэння ў Генадзя Фядыніча, яму спаўняецца 61 год. Давайце павіншуем! — прапанаваў адзін з прысутных. У зале пачуліся апладысменты, члены прафсаюза ўручылі імянінніку кветкі.

Пасяджэнне пачалося з допыту сведкі Мікалая Герасіменкі, які ў прафсаюз уступіў у 1971 годзе, калі паступіў у радыётэхнічны інстытут. Працаваць у прафсаюз прыйшоў у 2012 годзе і прапрацаваў там да 2016 года ў якасці спецыяліста па інфармацыйнай працы.

У судзе Герасіменка заявіў, што ўжо адмовіўся ад паказанняў, дадзеных у Следчым камітэце ў жніўні мінулага года.

— Я афіцыйна напісаў заяву аб адмове ад паказанняў, дадзеных мной у СК. Таму што на допыце ў СК мне далі толькі адзін дакумент, дзе я быў падпісаны як падазраваны, што мяне агаломшыла.

Падчас допыту мне пагражалі, казалі, што канвой побач, што пайду ў турму. Для мяне гэта было як абухом па галаве. Пытанні задаваліся ва ўльтыматыўнай форме, на якія можна было адказаць толькі так ці не: ці я ведаю людзей з прафсаюза, ці ездзілі за мяжу — вядома, так. Мы ездзілі ў Вільню, дзе бралі ўдзел у канферэнцыях, навучаліся, — распавёў Герасіменка.

З нагоды рахункаў за мяжой, дадатковых выплат іншым супрацоўнікам РЭП сведка заявіў, што нічога не ведае. На семінары ў Літву Герасіменка ездзіў з Комлікам, Фядынічам або іншымі работнікамі прафсаюза. Грошы яму кіраўнікі РЭП не перадавалі, не прасілі перавезці, пра тое, ці перавозілі іншыя работнікі або кіраўнікі грошы, сведка нічога не ведае. Юхнавец, паводле яго слоў, яму таксама ні пра якія перавезеныя грошы не казала.

— Ніякіх грошай нікуды я не вазіў. Адзін раз мне далі канверт, але гэта было не ўзнагароджанне, ніякіх тысяч, як учора напісалі ўсе сайты, гэта была кампенсацыя за выдаткі на праезд на семінар, толькі і ўсяго, — сказаў Герасіменка.

У пратаколе допыту сведкі ў ДФР, які зачытала суддзя Марына Фёдарава, сказана, што Герасіменка, акрамя зарплаты, атрымліваў ад кіраўніцтва прафсаюза грошы ў канвертах — каля 600 рублёў кожны месяц на выпуск прэс-матэрыялаў.

Калі наведваў Літву з Фядынічам і Комлік, тыя прасілі сведку перавезці ў Мінск грашовыя сродкі ў канвертах. Перавозіў грошы восем разоў, колькі грошай у канверце не ведаў. Разам з Герасіменкам, паводле звестак пратакола яго допыту, з Вільні ў Мінск грошы перавозілі і іншыя супрацоўнікі прафсаюза: Есіповіч, Юхнавец, Пічушкіна.

У пратаколе допыту з ДФР таксама сведка паказаў інфармацыю аб адкрытых банкаўскіх рахунках у Літве. У другім пратаколе допыту Герасіменкі гаворыцца, што ён выязджаў у Літву на семінары ў складзе дэлегацыі прафсаюза, куды ўваходзілі таксама Фядыніч і Комлік.

«З нагоды перавозкі грошай у канверце сказаць што-небудзь цяжка», —адзначана ў пратаколе допыту.

— Дадзеныя пратаколы я падпісваў, толкам не чытаючы. Тое, што я восем разоў правозіў, былі канверты — я гэтага не казаў, прасіў следчага ў СК гэтыя пытанні ўдакладніць. Таму тое, што было заяўлена мною на допытах, і тое, што кажу цяпер, і не супадае. Таксама ніякіх грошай, ніякіх 600 рублёў на нейкія нашы ўлёткі я не атрымліваў.

На жаль, пратакол напісаны не з маіх слоў. Мае правы і абавязкі на допыце не зачытвалі. Сказалі: падпішаш і тады пакінеш гэта памяшканне, я падпісаў штосьці без акуляраў, а я дрэнна бачу. Да таго ж у дакументах бачыў, што я запісаны як падазраваны, — заявіў у судзе Герасіменка.

— Яшчэ раз, вы пацвярджаеце, што з 20 кастрычніка 2011 года, вяртаючыся ў Беларусь з Літоўскай Рэспублікі, перавозілі грошы ў канвертах, а потым атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне 300 еўра, вы пацвярджаеце? — удакладніў дзяржабвінаваўца Вадзім Казей.

— Не, адмаўляю.

— А з нагоды адкрытых банкаўскіх рахунках у Літве звесткі пацвярджаеце?

— Гэтыя звесткі ў следчага адразу былі ў кампутары, адкуль яны ўзяліся, я не ведаю, — заявіў Герасіменка.

Падчас учорашняга пасяджэння адна са сведак, сакратарка прафсаюза РЭП Юлія Юхнавец, пацвердзіла пункты абвінавачання і прызналася, што ад самага пачатку была агентам КДБ. Другая сведка па справе, Сняжана Грынцэвіч, адмовілася ад паказанняў, адзначыўшы, што следчыя на допыце пагражалі ёй турмой.

Чытайце таксама:

Сакратарка прафсаюза РЭП прызналася, што была агентам КДБ

Пачаўся працэс Фядыніча і Комліка: ім пагражае турма за збор грошай за мяжой на патрэбы прафсаюза

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна