Суд Маскоўскага раёна Брэста абвясціў прысуд па абвінавачванні двух вайскоўцаў 38-й брыгады ў здзеках з саслужыўцаў, піша tut.by.

На лаве падсудных апынуліся 19-гадовы гамяльчук і яго аднагодак з Жабінкаўскага раёна. Абодва праходзілі тэрміновую службу ў брэсцкай 38-й брыгадзе.

Гамяльчук пачынаў з радавога, а затым атрымаў званне малодшага сяржанта. Яго таварыш быў на адну прыступку вайсковай іерархіі вышэй.

Крымінальную справу ў дачыненні да іх завялі за неаднаразовыя здзекі з таварышаў па службе. Спосабы «выхавання» маладога папаўнення «дзяды» знаходзілі самыя розныя. Паводле сведак, у ліпені яны паднялі пасля адбою дзевяцярых салдат і сказалі ім прыняць упор лежачы на кулаках. Затым прымусілі днявальнага сысці з «тумбачкі» і нанесці калегам па адным ўдары драўлянай плашкай па ягадзіцах.

Гэта не адзіны факт нестатутных адносін. Так, у лістападзе мінулага года адзін з абвінавачаных, убачыўшы, што салдат засынае падчас прагляду навін, абавязаў яго ўзяць з шафы гітару і трымаць яе 15 хвілін на выцягнутых руках перад таварышамі. Гэтаму ж ваеннаслужачаму незадаволены якасцю прыборкі «дзядуля» «прабіў лася», а таксама прымусіў з'есці 12 цыгарэт без фільтра за парушэнне забароны на курэнне з-за дрэннага выканання ротай страявой песні па дарозе на вячэру.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаныя віны не прызналі, а паказанні шматлікіх сведак і пацярпелых назвалі паклёпам.

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў абодвух вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў паўторна, а гамельчука таксама ў парушэнні статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага.

«Суд прызначыў абвінавачаным па тры месяцы арышту. 19-гадоваму жыхару Жабінкаўскага раёна таксама забаранілі на чатыры гады займаць пасады малодшых камандзіраў Узброеных сіл», — паведаміла старшы памочнік пракурора горада Брэста Кацярына Рамашка.

Абвінавачаным залічыліся ў тэрмін адбывання пакарання тры месяцы, якія яны правялі ў СІЗА падчас следства і разгляду іх крымінальнай справы ў судзе. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?