Міністэрства замежных спраў Славакіі выказаў занепакоенасць з нагоды таго, што расійскі нацыяналістычны байкерскі клуб «Начныя ваўкі», блізкі да Пуціна, мае базу паблізу Браціславы.

 Так выглядае база звонку. EVN скрыншот.

 Так выглядае база звонку. EVN скрыншот.

На базе, размешчанай у мястэчку Дольна Крупа за 70 кіламетрах ад славацкай сталіцы, шмат старой вайсковай тэхнікі. Расейскі ўрад назваў базу «Еўрапейскай штаб-кватэрай» «Начных ваўкоў».

Гэта байкерская групоўка знаходзіцца пад санкцыямі ЗША па абвінавачванні ў ваеннай падтрымцы прарасейскіх баевікоў ва Украіне.

Прэс-сакратар МЗС Славакіі Петэр Суско заявіў bbc.com, што за дзейнасцю «Начных ваўкоў» будуць «пільна сачыць». «Мы думаем, што ўплыў іх членаў шкодны, асабліва з пункту гледжання распаўсюду іх поглядаў, бо яны імкнуцца перапісаць гісторыю», - адзначыў ён.

На просьбу ўдакладніць, якія менавіта супярэчлівыя думкі прапагандуюць байкеры, чыноўнік прывёў прыклад: «Што Крым расійскі, што Сталін з'яўляецца героем, а НАТА крымінальная групоўка».

Славацкія прыхільнікі байкераў

Славакія з'яўляецца сябрам НАТА і ЕС. Як частка Чэхаславакіі краіна была саюзнікам Масквы падчас «халоднай вайны».

Славацкая нацыяналістычная група NV Europa пад кіраўніцтвам Ёзэфа Гамбалека з'яўляецца саюзнікам «Начных ваўкоў» і дала ім базу. На мінулым тыдні яны пагражалі журналістам радыё «Свабода», якія здымалі базу звонку.

Расійскія байкеры кажуць, што ператвораць тэрыторыю базы ў музей Другой сусветнай вайны.

Суско заявіў, што «Начныя ваўкі» называюць сябе клубам і не з'яўляюцца урадавай арганізацыяй, таму цяжка ўмяшацца ў сітуацыю праз пасольства Расіі. «Гэта падстава для рэальнай турботы, што людзі, якія выказваюць супрацьлеглыя палітыцы Славакіі погляды, спрабуюць арганізавацца на тэрыторыі Славакіі», - заявіў прэс-сакратар.

Раней паліцыя краіны заяўляла, што тэхніка, якая знаходзіцца на тэрыторыі базы, непрыдатная для прамога выкарыстання.

Хто такія «Начныя ваўкі»

Лідар «Начных ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў па мянушцы «Хірург» часта з'яўляўся побач з Уладзімірам Пуціным. Часам прэзідэнт Расеі нават ездзіў разам з «Хірургам». У 2013 годзе Пуцін узнагародзіў Залдастанава ганаровым медалём.

Урад ЗША абвінавачвае «Начных ваўкоў» у прамым удзеле ў канфлікце ва Украіне. Залдастанаў трапіў пад санкцыі па абвінавачванні ў дачыненні да анэксіі Расеяй Крыма ў 2014 годзе і падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны.

«Начныя ваўкі», блізка звязаныя з расійскімі спецслужбамі, дапамагалі рэкрутаваць баевікоў для Данецка і Луганска», - гаворыцца ў дакументах ЗША. Таксама там адзначаецца, што падчас анэксіі Крыму «Начныя ваўкі» бралі ўдзел у штурме газавай станцыі «Стралковая» і штаб-кватэры ўкраінскага флоту ў Севастопалі.

Славацкі тэлеканал TV Noviny паведамляе, што «Начныя ваўкі» маюць 5000 членаў у некалькіх еўрапейскіх краінах, такіх як Сербія, Румынія, Македонія і Балгарыя. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0