Эвалюцыя не стаіць на месцы. Развіццё тэхналогій і дэмаграфічныя працэсы ўжо дазваляюць выказаць здагадку, як зменіцца знешнасць чалавека ў будучыні, піша Бі-бі-сі.

Ці будуць нашы нашчадкі кібаргамі з механічнымі імплантамі, аднаўляльнымі канцавінамі і камерамі, убудаванымі ў вочы, як малюе навуковая фантастыка? Ці ператворыцца чалавек на гібрыд біялагічнай істоты і робата? Ці зменіцца наш рост, целасклад, рысы аблічча і колер скуры?

Напэўна мы гэтага не ведаем, але каб паразважаць на гэтую тэму, варта ўспомніць, як людзі выглядалі на заранку сваёй гісторыі.

Мільён гадоў таму Homo sapiens яшчэ не існавала. Было некалькі розных відаў людзей. Напрыклад, Homo heidelbergensis, які быў падобны з Homo erectus і сучаснага чалавека, але меў больш прымітыўную анатомію, чым пазнейшыя неандэртальцы.

На працягу апошніх 10 000 гадоў у жыцці чалавецтва адбыліся значныя змены і арганізму чалавека прыйшлося нямала адаптавацца.

Сельскагаспадарчая рэвалюцыя змяніла рацыён чалавека і прывяла да праблем са здароўем, для вырашэння якіх нам прыйшлося ўжыць навуку. Напрыклад, мы навучыліся лячыць дыябет інсулінам.

Знешні выгляд чалавека таксама змяніўся, людзі сталі таўсцейшыя, а ў некаторых рэгіёнах і вышэйшыя ростам.

Так што цалкам магчыма, што з часам мы маглі б і паменшыцца ў памерах, каб спажываць менш энергіі і змяшчацца на нашай перанаселенай планеце, лічыць Томас Майлунд, дацэнт біяінфарматыкі ў Орхускім універсітэце ў Даніі.

За часы паляўнічых-збіральнікаў за дзень мы маглі сустрэць толькі некалькі іншых людзей. Цяпер чалавецтву даводзіцца прыстасоўвацца да жыцця ў густанаселеных гарадах.

Майлунд мяркуе, што мы можам эвалюцыянаваць, каб прыстасавацца да гэтай новай ўмовы. Напрыклад, уменне добра запамінаць імёны многіх людзей стане вельмі важным навыкам. Менавіта тут могуць дапамагчы тэхналогіі, напрыклад імплантат у мозгу, які дазволіць захоўваць у памяці імёны людзей.

«Мы ведаем, якія гены адказваюць за добрую памяць такога тыпу, і можам карэктаваць гэта ўменне. Падобна на навуковую фантастыку».

«Але тэарэтычна мы маглі б зрабіць гэта ўжо зараз. Мы маглі б імплантаваць такую памяць, але пакуль не ведаем, як далучыць яе да астатняга мозгу. Зрэшты, неўзабаве і гэтае пытанне будзе вырашана».

«Гэта больш не біялагічнае пытанне, а тэхналагічнае», — адзначае спецыяліст.

Мы ўжо выкарыстоўваем імпланты, каб выправіць нейкую загану ў нашым арганізме, напрыклад кардыёстымулятар або пратэзы тазасцёгнавага сустава. Цалкам магчыма, што ў будучыні імпланты дапамогуць нам палепшыць свае фізічныя магчымасці.

Мы маглі б, напрыклад, імплантаваць сабе штучныя вочы з камерай, якая распознавала б розныя частоты колеру і мела б дадатковыя візуальныя эфекты.

Не навіна і генетычна мадыфікаваныя дзеці. Сёння ўжо існуюць тэхналогіі змены генаў эмбрыёна, хоць стаўленне да гэтай працэдуры вельмі неадназначнае, і наступствы яе таксама да канца не вядомыя.

Зрэшты, цалкам магчыма, што ў будучыні неэтычным будзе лічыць менавіта пакідаць некаторыя гены нязменнымі. А тады ўжо недалёка і да генетычнага мадэлявання знешнасці будучага дзіцяці.

То бок людзі будуць выглядаць так, як гэтага захочуць іх бацькі.

«Гэта будзе нешта накшталт штучнай селекцыі. Тое, што мы робім цяпер з пародамі сабак, мы будзем рабіць і з людзьмі», — адзначае Майлун.

Усё гэта гучыць даволі гіпатэтычна, але ці могуць некаторыя дэмаграфічныя тэндэнцыі сёння паказваць на тое, як наша цела зменіцца ў будучыні?

«Прагназаваць на мільён гадоў наперад — гэта, вядома, спекуляцыя чыстай вады, але выказаць здагадку, якія змены адбудуцца ў найбліжэйшай будучыні — цалкам магчыма. Тут дапаможа біяінфарматыка, якая спалучае ужо вядомыя генетычныя варыяцыі з мадэлямі дэмаграфічных змяненняў у будучыні», — тлумачыць доктар Джэйсан А. Ходжсан, аўтар лекцыйнага курса «Вялікія выклікі ў экасістэмах і навакольным асяроддзі».

Цяпер мы маем генетычныя ўзоры поўнага геному людзей з усяго свету, генетыкі ўсё лепш разумеюць працэсы генетычнай варыяцыі і таго, як яна адбываецца ў папуляцыі людзей.

Мы не можам дакладна прадказаць, як будуць мяняцца гены людзей, але, улічваючы дэмаграфічныя працэсы, можна зрабіць некаторыя здагадкі.

«Насельніцтва паступова мігруе з вясковых рэгіёнаў у гарады, таму генетычная разнастайнасць расце ў гарадах і памяншацца ў вясковых рэгіёнах», — адзначае доктар Ходжсан.

Так, насельніцтва вясковых раёнаў Вялікабрытаніі больш аднастайнае і традыцыйнае ў параўнанні з гарадамі, дзе пражывае вялікая колькасць мігрантаў. Да таго ж розныя групы насельніцтва растуць няроўнымі тэмпамі. Напрыклад, насельніцтва Афрыкі павялічваецца вельмі хутка, такім чынам, у глабальным генафондзе гэтых генаў будзе ўсё больш.

Нараджальнасць у дэмаграфічных групах светласкурых людзей, наадварот, ніжэйшая, таму можна выказаць здагадку, што колер скуры чалавецтва ў цэлым будзе цямнець.

«Гэта — факт, я ўпэўнены, што праз некалькі пакаленняў колер скуры сярэднестатыстычнага чалавека на планеце стане цямнейшым», — адзначае доктар Ходжсан.

А як наконт космасу? Калі людзі ў рэшце рэшт каланізуюць Марс, ці пачне наша цела прыстасоўвацца да жыцця за межамі Зямлі?

Ва ўмовах нізкай гравітацыі нашы мышцы зменяць сваю структуру. Магчыма, у нас будзе больш рук і ног. У халодным клімаце ў нас можа павялічыцца тлушчавая праслойка, і з'явіцца больш валасоў на целе, як у нашых сваякоў неандэртальцаў?

Цяжка сказаць, як зменіцца знешнасць чалавека, але, безумоўна, генетычная варыятыўнасць віду Homo Sapiens расце. Штогод у геноме чалавека адбываюцца прыкладна дзве новыя мутацыі для кожнай з 3,5 мільярда пар асноваў, адзначае доктар Ходжсан.

Гэта дзівосна і з'яўляецца доказам таго, што праз мільён гадоў чалавек наўрад ці будзе выглядаць гэтак жа, як цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0