У Славакіі арыштавалі жанчыну, якая даводзіла суседзяў да белай гарачкі опернай музыкай цягам 16 гадоў.
Як паведамляе венгерскі сайт Parameter.sk, жыхарка Штурава Ева Н. з раніцы да вечара слухала па некалькі разоў на поўнай гучнасці адну і тую ж чатыроххвілінную арыю з оперы Джузэпэ Вердзі «Травіята».
Жанчына ўключала арыю на поўную гучнасць, каб заглушыць брэх суседскага сабакі.
Раззлаваныя суседзі звярталіся да СМІ, аднак арыя ў выкананні Пласіда Дамінга працягвала тэрарызаваць людзей.
«Я люблю Пласіда Дамінга, — распавяла адна з суседак. — Але не да такой жа ступені».
«Уся вуліца пакутуе», — паскардзіўся іншы жыхар Штурава славацкаму выданню Sme.
Паліцыя арыштавала меламанку ў панядзелак, яе абвінавачваюць у парушэнні грамадскага парадку і пераследзе.
Жанчына пакуль застаецца пад вартай, ёй пагражае ад шасці месяцаў да трох гадоў турмы, калі віну дакажуць.
Гэта не першы выпадак, калі суседзі не даюць спакойна жыць, парушаючы цішыню.
У сакавіку 2017 жыхарку брытанскага Уолсала арыштавалі за тое, што тая слухала па некалькі разоў на поўнай гучнасці песню Эда Шырана Shape of You.





