8 верасня на пляцоўцы каля Палаца спорту з самай раніцы разгорнецца сапраўдны спартыўны горад. Там будуць прадстаўлены розныя віды спорту. Вядомыя спартсмены і прадстаўнікі федэрацый правядуць майстар-класы і арганізуюць спаборніцтвы, прыняць удзел у якіх змогуць не толькі прафесіяналы, але і кожны жыхар і госць сталіцы. Плануецца, што маштабныя спартыўныя мерапрыемствы прадоўжацца да вечара.

Баскетбол (9.30 — 18.30)

На арэне пад купалам каля Палаца спорту ў рамках фінальнага этапу Нацыянальнай лігі па баскетболе 3х3 адбудуцца спаборніцтвы тэставага турніру Еўрапейскіх гульняў — 2019. За чэмпіёнства ў катэгорыі «Дзяўчаты» пазмагаюцца 6 замежных калектываў і чатыры наймацнейшыя айчынныя каманды. Беларусь прадставяць адразу дзве нацыянальныя дружыны: за асноўную згуляюць Наталля Дашкевіч, Таццяна Ліхтаровіч, Настасся Сушчык, Дар'я Магаляс, за маладзёжную — Арына Масько, Ганна Лапо, Аляксандра Шумейка, Паліна Макрыцкая.

У мужчынскай частцы спаборніцтваў варта звярнуць асаблівую ўвагу на катэгорыю «Эліта», сярод 10 заяўленых каманд дзве ўкамплектаваны гульцамі нацыянальных зборных Беларусі.

У самай масавай катэгорыі «Агульная» выступяць 32 дружыны.

На пляцоўцы будзе працаваць гульнявая зона для малых і Дзіцячая баскетбольная акадэмія для дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў. У рамках мерапрыемства адбудуцца паказальныя выступленні майстроў варкаўта, брэйк-данса і ВМХ, груп падтрымкі.

Ролікі (11.00 — 15.00)

Масавы забег пройдзе на праспекце Пераможцаў. Удзел у ім змогуць прыняць і дзеці, і дарослыя. Трэба будзе пераадолець дыстанцыі ад 1 да 16 кругоў. Адзначым, што забег адбудзецца па правілах канькабежнага спорту, дзе першы круг — размінкавы або фестывальны, на якім забаронены абгон спартсмена пад першым нумарам, астатнія кругі спаборніцкія. У забегу прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Францыі, Нідэрландаў, Расіі і Украіны.

З 13.00 пачнецца работа гульнявых зон, паказальныя выступленні ролераў. Майстар-клас па катанні на роліках правядуць удзельнікі Алімпійскіх гульняў 2018 года — вядучыя прадстаўнікі канькабежнага спорту краіны Марына Зуева, Віталь Міхайлаў, Ігнат Галавацюк, Таццяна Міхайлава.

Веславанне (11.00)

У цэнтры Мінска, на рацэ Свіслачы, каля праспекта Пераможцаў, у суботу адбудзецца прэзентацыя паруснага спорту і спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ «Зорная рэгата». Славутыя беларускія спартсмены, чэмпіёны свету і Еўропы будуць спаборнічаць у розных дысцыплінах на дыстанцыі 200 метраў. Акрамя спаборніцтваў прафесійных спартсменаў пройдуць заезды на драганботах — 12-мясцовых кітайскіх лодках-байдарках.

Валейбол (11.00)

На зялёнай зоне паміж будынкамі па праспекце Пераможцаў, 2 і асфальтавай пляцоўцы пройдзе майстар-клас: выхаванцы СДЮШАР навучаць навыкам гульні ў валейбол усіх ахвотных гасцей і ўдзельнікаў свята. На пляцоўцы таксама пройдзе аўтограф- і фотасесія з гульцамі жаночай валейбольнай каманды «Мінчанка».

Для гасцей будзе працаваць яркая тэматычная фотазона, а забаўляць наведвальнікаў будзе клубны маскот жырафа Жора.

Сілавы экстрым (11.00 — 15.00)

На адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту адбудзецца ўжо традыцыйны міжнародны турнір па сілавым экстрыме «Mіnsk Ореn Сuр» — 2018. Сёлета за кубак Мінска пазмагаюцца наймацнейшыя стронгмены з шасці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі, Літвы і Польшчы. Спартсмены пакажуць сябе ў чатырох асноўных практыкаваннях, самым відовішчным з якіх стане трэк-пул легкавых аўтамабіляў у счэпцы (арм-авер арм) агульнай вагой восем тон.

Стрыт-варкаўт (11.00)

На асфальтавай пляцоўцы каля Палаца спорту адбудуцца паказальныя выступленні студэнтаў БДУФК, спартсменаў — навучэнцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў: усходнія віды адзінаборстваў, акрабатыка, аэробіка, спартыўныя танцы, чарлідынг.

9 верасня пройдзе Мінскі паўмарафон

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?