Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей.

Сёлета ў траўні я пісаў: каб пазбегнуць абвінавачання ў тым, што ён легітымізуе раскольнікаў з Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату (УПЦ КП) і Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (УАПЦ), Усяленскі Патрыярх Варфаламей можа прызначыць у Кіеў мітрапаліта. І не абвязкова кагосці з украінскіх архірэяў. Ён можа прыслаць у Кіеў аднаго з тых біскупаў-украінцаў, якія служаць у Канстанцінопальскай Царкве. І нават цалкам нейтральнага чалавека, грэка, можа прыслаць. Вось гэты ўпаўнаважаны прадстаўнік цалкам кананічнага і першага ў Праваслаўі Патрыярха і будзе ствараць новую адзіную памесную Царкву ва Украіне.

Учора Канстанцінопаль учыніў бліскучы з пункту гледжання кананічнага права крок: ён накіроўвае ў Кіеў сваіх экзархаў.

Тут трэба зрабіць агаворку: слова «экзархі» — чыста візантыйская паліткарэктнасць. На адной і той самай тэрыторыі не можа быць некалькі экзархаў. Таму ва Украіне будзе экзарх адзін — той, у каго вышэйшы тытул. І гэта Данііл (Зялінскі), архібіскуп Памфілійскі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Яго тытул такі: His Excellency Archbishop Daniel of Pamphilon. А ўладыка Іларыён (Руднік), біскуп Эдмантанскі з Канады, і санам ніжэйшы, і тытул мае ніжэйшы: His Grace Bishop Ilarion of Edmonton. У нашай абрусачнай праваслаўнай традыцыі першы з іх Яго Высокапраасвяшчэнства, а другі — Праасвяшчэнства. І ўжо з гэтай прычыны яны не могуць быць роўныя.

Абодва архірэі — і Данііл, і Іларыён — украінцы. Абодва нарадзіліся ў 1972 г. ва Украінскай ССР. Абодва сталі клірыкамі Канстанцінопальскага (Усяленскага) Патрыярхата. Абодва па даручэнні Фанара не раз прыязджалі ва Украіну, і царкоўныя рэаліі на сваёй радзіме ведаюць.

Цяпер паўстаюць два пытанні: дзе будзе рэзідэнцыя экзарха і ў якой царкве яны будуць адпраўляць набажэнствы? Пажадана і не выключана, што служыць яны будуць у нейкім храме Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата (УПЦ МП). Гэта патрэбна, зноў-такі, каб пазбегнуць абвінавачання ў легітымацыі раскольнікаў. Хто з УПЦ МП можа адмовіць у гэтым біскупам цалкам кананічнай Царквы? А магчыма і такое: нехта з іерархаў УПЦ МП перайдзе пад амафор Усяленскага Патрыярха і аддасць канстанцінопальскім біскупам адзін з храмаў у сваёй епархіі. Такі ўчынак архірэя нельга будзе расцаніць як раскол, як пераход з адной юрысдыкцыі ў другую.

Калі біскупы УПЦ (МП), якія хочуць быць у памеснай Украінскай Царкве, учыняць проста пераход з аднае юрысдыкцыі ў другую, дык архірэям УПЦ КП і УАПЦ трэба будзе, каб выйсці з расколу, прачытаць экзарху Сімвал веры і такім чынам пацвердзіць сваё праваслаўе, і заявіць аб пераходзе пад амафор Усяленскага Патрыярха (гэта, пэўна, будзе свайго роду прысяга). Толькі пасля гэтага цяперашнія біскупы Кіеўскага Патрыярхату і УАПЦ змогуць разам з біскупамі Усяленскага Патрыярхату служыць літургію і прычашчацца з адной чашы. І тады Данііл і Іларыён змогуць служыць у іх храмах, не баючыся абвінавачання ў легітымацыі расколу.

Прызначыўшы ва Украіну экзархаў, Фанар праводзіць свайго роду тэст: хто з біскупаў УПЦ КП і УАПЦ быў шчыры, калі падпісваў заяву аб сваім жаданні бачыць ва Украіне памесную Царкву.

Мяне, напрыклад, цікавіць, як будзе паводзіць сябе прадстаяльнік Кіеўскага Патрыярхату Філарэт (Дзенісенка). Яму трэба цяпер — рад-няволя — прызнаць зверхнасць Варфаламея і прачытаць Сімвал веры. Апрача таго, яму трэба пазбавіцца анафемы, якою яго пакарала Маскоўская Царква. Сінод Усяленскага Патрыярхата, маючы такое права, яго пакуль што яго не апраўдваў.

Учора пачалася імплементацыя пастановы Сінода Усяленскага Патрыярхату аб аўтакефаліі Царквы ва Украіне. Працэс пачнецца з прыездам Данііла і Іларыёна ў Кіеў. Цяпер ужо ад праваслаўнага епіскапата, духавенства і вернікаў ва Украіне залежыць, як хутка новая памесная Царква аформіцца і атрымае томас аб аўтакефаліі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?