Дзмітрый Бобрык. Фота: фэйсбук.
Бобрык паведаміў, што пасля трохгадзіннага ператрусу ў кватэры 7 жніўня яго адвезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта. Тут журналісту і яго сваякам пагражалі. Спачатку супрацоўнікі паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця журналіста, калі ён адмовіцца ад супрацоўніцтва. А скончылася пагрозамі ў адрас родных, якія могуць пацярпець. У выніку Дзмітрый Бобрык напісаў дакумент аб супрацоўніцтве.
Пасля таго, як стала зразумела, што атрымаць ад журналіста якую-небудзь інфармацыю не атрымаецца, Дзмітрыя Бобрыка адразу ж перавялі ў новы статус — падазраваны.
Пасля гэтага ціск узмацніўся.
«Мне давялося многае вытрымаць. Але не ведаю, якія выпрабаванні мяне чакаюць наперадзе, і не ведаю, ці хопіць мне сіл усё гэта вытрымаць, але маўчаць пра гэта я ўжо не магу. Баюся, што далей будуць ціснуць на маіх родных, блізкіх, сяброў»,
— піша журналіст найбуйнейшага беларускага партала.
Нагадаем, некалькіх беларускіх журналістаў і рэдактараў затрымалі 7 жніўня ў рамках так званай «справы БелТА». Іх абвінавачваюць у тым, што нібыта яны незаконна скарысталіся паролямі ад платнага сэрвісу дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Дзмітрыя Бобрыка тады не адправілі на суткі, а пратрымалі ў Следчым камітэце каля 10 гадзін.
Дзмітрый Бобрык пакуль не даступны для каментара.
Чытайце таксама: Прадстаўляліся суседзямі, адключалі тэлефоны. Як следчыя затрымлівалі журналістаў Tut.by





