Менш за палову беларусаў з рознай перыядычнасцю чытаюць мастацкую літаратуру, астатнія зусім не дакранаюцца да кніг. З беларускіх аўтараў часцей называюць Караткевіча і Алексіевіч. Такія вынікі даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі.

Фота: olg-karlsruhe.de.

Фота: olg-karlsruhe.de.

Падчас маніторынгу апыталі 3,8 тысячы чалавек у 2016 годзе, распавёў навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Кірыл Стаселька.

Аказалася, што толькі 49% чытаюць мастацкую літаратуру, а яшчэ амаль столькі ж не чытаюць зусім. Пры гэтым штодня адкрываюць кнігу каля 7% рэспандэнтаў, яшчэ 16% чытаюць адзін або некалькі разоў на тыдзень. Некалькі разоў на месяц — 10%, а радзей за адзін раз яшчэ 15%.

Калі ж казаць пра сучасную беларускую літаратуру, то да яе зварочваюцца 12% грамадзян. Яшчэ 57% прызналіся, што не чытаюць, а траціна не змагла адказаць на пытанне.

Людзей таксама папрасілі назваць творы сучасных беларускіх аўтараў, якія яны чыталі за апошнія тры гады. Больш за 2% апытаных не згадалі ні аднаго аўтара.

Тым не менш атрымаўся наступны топ-5 пісьменнікаў, чые творы называлі найчасцей (і, дарэчы, не ўсе з іх — сучаснікі):

— Уладзімір Караткевіч (згадалі 1,3% ад усіх апытаных)

— Святлана Алексіевіч (1,2%)

— Васіль Быкаў (0,7%)

— Іван Мележ (0,4%)

— Наталля Батракова (0,4%).

Калі ж казаць пра перыядычнасць, то штодня чытаюць беларускіх аўтараў 0,5% з усіх рэспандэнтаў. Яшчэ два працэнты чытаюць адзін або некалькі разоў на тыдзень. 2,7% зварочваюцца да кнігі пару разоў на месяц, а яшчэ больш за 7% — нават не кожны месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?