Увядзенне ў Беларусі біяметрычных дакументаў перанесена на 2020 год з-за інтэграцыі інфармацыйных сістэм. Пра гэта паведамляе «СБ. Беларусь сегодня» са спасылкай на намесніка начальніка ўпраўлення па грамадзянстве, пашпартнай працы і выездзе за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Паўла Хрышчановіча.

Мяркуецца, што першыя дакументы новага ўзору — ID-карты і біяметрычныя пашпарты — можна будзе атрымаць 1 студзеня 2020 года, а не 2019-га, як планавалася раней. Паводле Паўла Хрышчановіча, з боку МУС усё гатова да пачатку выпуску дакументаў. «Да канца года да нас паступіць закупленае абсталяванне, і тэарэтычна мы маглі б запусціць працэс вытворчасці ID-карт і біяметрычных пашпартоў ужо з пачатку наступнага года. Аднак мы бачым, што ў гэтым пакуль няма сэнсу, бо, па сутнасці, гэта будзе толькі голы пластык», — адзначыў праваахоўнік.

Каб ўвесці ў абарачэнне ID-карты, неабходна злучыць паміж сабой усе інфармацыйныя сістэмы, да якіх будзе мець доступ грамадзянін. Сёння ўсе гэтыя базы дадзеных працуюць на розных платформах.

ID-карта заменіць некаторыя функцыі сённяшняга пашпарта і будзе адзіным дакументам, які пацвярджае асобу. Новы біяметрычны пашпарт будзе дакументам толькі для выезду за мяжу. На тэрыторыі Беларусі ён юрыдычнай сілы мець не будзе — гэта роля пяройдзе да ідэнтыфікацыйнай карты, дадае БелТА.

Таксама новымі біяметрычнымі дакументамі будзе заменена ўся лінейка дакументаў, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Гэта службовы і дыпламатычны пашпарты, праязны дакумент бежанца і праязны дакумент асобы без грамадзянства. ID-карты будуць выдавацца, акрамя грамадзян Беларусі, замежнікам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі.

Пашпарт і ID-карта будуць выдавацца ў абавязковым парадку з 14 гадоў.

Але карта можа выдавацца і па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга з моманту яго нараджэння. Таксама ў ID-карце будзе прывязка да рэгістрацыі, у пашпарце ж яна будзе адсутнічаць. Гэта значыць штампаў аб прапісцы ў пашпартах больш не будзе, у электронным выглядзе такія дадзеныя будуць утрымлівацца на карце. І ніякіх адзнак, акрамя віз, у новых пашпартах не прадугледжана.

Кошт ID-карты складзе 1 базавую велічыню (сёння 24,5 рубля). Пашпарт будзе каштаваць 3 базавыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0