Новы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, які раней працаваў прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе, узяў з сабой на працу ў Мінск свайго былога намесніка-сілавіка і памочніка, паведамляе «Коммерсант».

Былы намеснік прадстаўніка прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе Аляксей Сухаў, які курыраваў унутраную палітыку рэгіёнаў і сілавікоў, стаў працаваць у пасольстве Расіі ў Беларусі.

Аляксей Сухаў. Фота: 73online.ru.

Аляксей Сухаў. Фота: 73online.ru.

З 29 верасня Сухаў пачаў працу на пасадзе саветніка-пасланніка.

Аляксей Сухаў прысвяціў сваё жыццё вайсковай справе. У 1983-1987 гадах у Беларускай вайсковай акрузе ён камандаваў спачатку танкавым узводам, затым — танкавай ротай. У 1991 годзе Сухаў скончыў Вайсковую дыпламатычную акадэмію, а затым стаў памочнікам вайсковага аташэ пры пасольстве Расіі ў Кітаі. Паралельна Аляксей Сухаў вывучыўся ў Вайсковай акадэміі Генеральнага штаба УС Расіі і даслужыўся да намесніка начальніка ўпраўлення ГУ Генштаба. У 2009 годзе ён становіцца начальнікам Галоўнага ўпраўлення міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Расіі, пазней пераходзіць у службу па кантролі за абарачэннем наркотыкаў, а затым — у Мінэнерга Расіі. Узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», медалём «За адвагу», ордэнам «За ваенныя заслугі», ордэнамі Пашаны, Аляксандра Неўскага і Дружбы.

З ранейшай каманды Бабіча ў пасольства на пасаду старшага дарадцы пасла таксама перайшоў яго былы памочнік Аляксандр Дзяменцьеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0