Гісторыя ўсплыла пасля праверкі аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

«Работнікі фінансавай міліцыі высветлілі, што першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама распарадзіўся скрасці бычка з фермы. Ён набыў вакцыну для ўсыплення жывёлы, перадаў яе службовым асобам сельгаспрадпрыемства, распрацаваў план вывазу бычка з фермы і дастаўкі яго ў прыватную сялянскую фермерскую гаспадарку Ушацкага раёна», — расказвае падрабязнасці Камітэт дзяржкантролю.

Першы намеснік Ушацкага райвыканкама — гэта Аляксандр Іоскін, які адказваў за сельскую гаспадарку і харчаванне.

Для сваёй спецаперацыі чыноўнік выкарыстаў супрацоўнікаў сельгаспрадпрыемства. Загадчыца фермы падбірала бычка і кантралявала яго дастаўку, ветэрынар усыпіў жывёлу, кіроўца адвёз «куды трэба».

Кошт бычка ацанілі на 1000 рублёў. На ўсю кампанію завялі крымінальныя справы за крадзеж з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў групай асобаў. Пакаранне — ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Непасрэдна на чыноўніка таксама завялі справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Цяпер ён пад вартай. За няўдалы крадзеж бычка яму пагражае да 10 гадоў.

Цяпер абавязкі Іоскіна выконвае іншы чыноўнік.

Цікава, што, магчыма, гісторыя яшчэ не скончылася — фінансавая міліцыя шукае яшчэ 70 галоў быдла, якія зніклі з таго ж сельгаспрадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?