Фота: svaboda.org
Мінгарвыканкам не будзе паведамляць імёны грамадзянаў, якія выступаюць супраць усталявання шыльды ў гонар 100-годдзя БНР. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча, які прыйшоў на запыт журналіста Севярына Квяткоўскага. Пра гэта піша «Еўрарадыё».
Перад тым Юркевіч паведамляў, што шыльду ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі не вешаюць, бо супраць яе ёсць «шэраг зваротаў грамадзян». Таму пытанне пра мэтазгоднасць усталявання шыльды яшчэ разглядаецца.
Раней улады абяцалі ўсталяваць шыльду напярэдадні 100-гадовага юбілею, аднак потым справу замарудзілі. У выніку шыльда дагэтуль не ўсталяваная.
Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, колькі зваротаў было супраць усталявання шыльды і ад каго. Юркевіч у сваёй адмове спаслаўся на артыкул 28 Канстытуцыі Беларусі: «Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць».
Дарэчы, петыцыя за ўсталяванне шыльды, як адзначае Радыё «Свабода», сабрала больш за 3300 подпісаў.





