Прэфікс «пра» ў назве ўзыходзіць да ранніх індаеўрапейскіх моваў і азначае ў розных народах «пачатак», «наперад», «вялікае», «простае». У сацыяльным вымярэнні Prabook — гэта, перш за ўсё, кніга работ. Ён закліканы даць кожнаму чалавеку магчымасць прадставіць доказы сваёй прысутнасці на Зямлі ў выглядзе кніг, артыкулаў, публікацый, карцін, музыкі, фотаздымкаў і інш.

Валерый Цапкала. Фота: wikipedia.org.

Валерый Цапкала. Фота: wikipedia.org.

«Навукоўцы, архітэктары, дактары, юрысты, эканамісты, бізнэсмены, а таксама многія іншыя прафесіяналы, невядомыя ў міжнародным маштабе, не менш важныя для чалавецтва, чым спевакі, поп-дзівы ці модныя мадэлі». Галоўная ідэя праекта — сабраць максімальна поўную базу дадзеных аб самых розных людзях (не абавязкова сусветных зорках) і ўпарадкаваць гэтую інфармацыю.

А парадку ў інфармацыі бракуе. Напрыклад, у Google пры пошуку па малюнках па запыце «Steve Jobs» вы атрымаеце шмат аднолькавых фотаздымкаў, а ў першых выніках выдачы будуць фота Эштана Катчара, які сыграў Джобса ў біяграфічным фільме, і калегаў Стыва па IT-цэху — Гейтса, Цукерберга і інш.

Так выглядае пошукавая выдача па запыце «Steve Jobs» у Google па малюнках.

Так выглядае пошукавая выдача па запыце «Steve Jobs» у Google па малюнках.

Prabook робіць акцэнт на фота («Вікіпедыя» на іх бедная) і пакажа выявы па тэмах, у храналагічным парадку. На старонцы, прысвечанай Стыву Джобсу, можна ўбачыць фатаграфіі прадпрымальніка са школы і каледжа, а пасля — храналогію працы, ад першай тэхнікі ў гаражы да Pixar і прэзентацыі iPhone, выпушчаныя гаджэты. Prabook сам апрацоўвае і сартуе малюнкі, але, як і кожнай нейрасетцы, яму дапамагаюць ўручную.

У Prabook фото не паўтараюцца, нейрасетка сартуе іх па тэматычных раздзелах.

У Prabook фото не паўтараюцца, нейрасетка сартуе іх па тэматычных раздзелах.

Распрацоўшчыкі «скормліваюць» Prabook'у выявы з адкрытых крыніц і кніг з усяго свету. Яны скануюць выданні і сартуюць інфармацыю — законы ЗША, дзе зарэгістраваная кампанія і патэнты апрацоўкі дадзеных, дазваляюць рабіць гэта без парушэння аўтарскіх правоў. Па рашэнні Вярхоўнага суда ЗША інфармацыя пра людзей, якая трапіла ў адкрытае карыстанне, не з'яўляецца аб'ектам аўтарскага права.

На платформе можна зарэгістравацца і дадаць, напрыклад, адсканаваныя фота свайго звычайнага сямейнага фотаальбома ці фотаархіў вядомага сваяка.

«Па вялікім рахунку, ідэя Prabook заключаецца ў тым, каб забяспечыць так званую лічбавую неўміручасць, — кажа Валерый Цапкала. — Калісьці Жан Бадрыяр сказаў, што неўміручасць у сацыяльным плане дэмакратызуе і з прывілеі нямногіх становіцца патэнцыйным правам кожнага. Калісьці гэтая фраза мяне сур'ёзна зачапіла. І мне хочацца, каб інфармацыя пра людзей «вярнула» іх да жыцця».

«Вам не трэба быць знакамітым, каб быць незабыўным» — слоган праекта Цапкала.

У Prabook ёсць уплывовыя аднадумцы ў гэтым пытанні. Платформа заключыла партнёрскую праграму з Amazon і дзякуючы ёй згенеравала больш за 2,5 млн артыкулаў. У Amazon ёсць інфармацыя аб выдадзеных кнігах, а ў Prabook ёсць інфармацыя пра аўтараў гэтых кніг: з платформы на сайт кніжнага анлайн-гіпермаркета вядзе каля 750 000 спасылак.

Кліенцкая база Prabook павялічваецца за кошт арганічнага росту. Платформа дагэтуль ніяк не рэкламавалася, і ў Мінску адбылася першая прэзентацыя праекта. «Я палічыў правільным зрабіць гэта ў Беларусі, таму што гэта мая краіна», — патлумачыў Валерый Цапкала.

Сваім стартапам Валерый пацвярджае свае ж словы, прамоўленыя у лютым 2017: «Інфармацыя — нафта 21 стагоддзя. Збіраць даныя і ператвараць іх у інфармацыю — зараз гэта асноўны трэнд у стартап-кірунку. […] Усе кампаніі, арыентаваныя на апрацоўку інфармацыі — гэта ўсур'ёз і надоўга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0