40-гадовага Аляксандра з Калінкавіч затрымалі за панажоўшчыну. Але высветлілася, што 12 гадоў таму менавіта ён жорстка забіў жанчыну. Забойца здзекаваўся з ахвяры, збіваў, нават затушыў цыгарэту ёй у роце. Той недакурак і дапамог злавіць злачынцу.

Улетку мясцовы жыхар Аляксандр М., будучы дома і прыняўшы на грудзі, патэлефанаваў свайму прыяцелю. Размова, мяркуючы па ўсім, зайшла пра знаёмую жанчыну. Аляксандр раззлаваўся. Ён схапіў нож і пабег да мясцовай крамы, дзе сустрэў таго самага таварыша з сяброўкай. Справакаваўшы скандал, Аляксандр ударыў знаёмага нажом у грудзі. Пацярпелага выратавала яго кабета: яна дапамагла ўцячы і аператыўна выклікала «хуткую».

Аляксандра затрымалі, абвінавацілі ў замаху на забойства. Праверылі адбіткі пальцаў, генатып. І высветлілі, што мужчына мае дачыненне да жорсткага забойства, якое адбылося 12 гадоў таму.

Тады знайшлі забітай 56-гадовую жыхарку Калінкавіч.

«Паводле заключэння судовых экспертаў, жанчыну жорстка катавалі. На яе целе налічылі не менш за 18 удараў тупымі прадметамі, у тым ліку па жыццёва важных органах — галаве, грудзях, руках і нагах, а яшчэ два нажавыя раненні ў жывот. Мяркуючы па наступствах гвалту, у пацярпелай не было магчымасці ўхіліцца і абараніцца. У роце ў няшчаснай жанчыны ён затушыў запаленую цыгарэту і ўжо пасля гэтага задушыў сваю ахвяру», — паведаміў Камітэт дзяржэкспертыз.

З таго недакурка, які забойца пакінуў у роце забітай, эксперты ўзялі рэшткі сліны і вызначылі генатып мужчыны. Яго ўнеслі ў базу.

І праз 12 гадоў генатып супаў з генатыпам Аляксандра, якога затрымалі за панажоўшчыну. Раней мужчына жыў замкнёна і не парушаў закон. А цяпер яго будуць судзіць адразу за два жорсткія злачынствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?