Маёлікавыя крыжы, Каложа, Гродна.

Маёлікавыя крыжы, Каложа, Гродна.

Як канстанцінопальскі патрыярх стаў галоўным

З ІІІ стагоддзя ў хрысціянстве дамінавалі дзве царквы: Рымская і Александрыйская. Іх прадстаяцелі атрымалі тытул папаў.

Акрамя таго, тады існавалі яшчэ Антыяхійская і Ерусалімская цэрквы.

Пятая, Канстанцінопальская, узнікла толькі на пачатку IV стагоддзя. І хоць ІІ Усяленскі сабор (381 год) запісаў, што канстанцінопальскі епіскап «мае перавагу гонару пасля рымскага епіскапа, бо горад гэты ёсць Новы Рым», сталіцы Візантыі тады так і не ўдалося ўзяць верх над Александрыяй.

Такім чынам, у сярэдзіне V стагоддзя ў хрысціянскай царкве склалася пентархія (па-грэчаску: «пяціўладдзе») — улада прадстаяцеляў пяці цэркваў: Рымскай, Александрыйскай, Антыяхійскай, Ерусалімскай і Канстанцінопальскай на чале з патрыярхамі. Акрамя таго, у 431-м ІІІ Усяленскім саборам была прызнаная аўтакефалія Кіпрскай царквы, якую ачольваў архіепіскап.

Праз няпоўныя 20 гадоў пасля ІІІ Сабору разгарэлася спрэчка. Патрыярх Александрыйскі Дыяскор адмаўляў чалавечую прыроду Ісуса Хрыста і прызнаваў толькі боскую. Яго праціўнікі назвалі гэткае разуменне «ерассю монафізіцтва». У 451 годзе ў Халкідоне (прыгарад Канстанцінопаля) адбыўся IV Усяленскі сабор. Канстанцінопальскі архіепіскап Анатолій мог святкаваць перамогу. Айцы сабору не толькі асудзілі на ім Дыяскораву ерась, але і ўзвысілі Канстанцінопальскую царкву. У 28-м каноне сабору яны прадугледзелі, каб Канстанцінопаль, як «горад, які атрымаў гонар быць горадам цара і сінкліту і мае роўныя перавагі са старым царскім Рымам, таксама і ў царкоўных справах быў узвялічаны падобна да таго і каб быў другім пасля яго».

«І Сына»: Вялікая схізма

Пасля IV Сабору чым далей, тым больш у Царкве разгаралася змаганне за першынство паміж Канстанцінопалем і Рымам. Тым не менш хрысціяне жылі ў адносным адзінстве да 1054 года.

За сорак гадоў да гэтай даты ў Рыме адбылася каранацыя імператара Святой Рымскай імперыі Генрыха ІІ. На ўрачыстасці хор, спяваючы Сімвал веры, замест слоў «Веру ў Духа Святога, Госпада жыватворнага, які ад Айца паходзіць», праспяваў «Веру ў Духа Святога, Госпада жыватворнага, які ад Айца і Сына паходзіць». Вось гэтае «і Сына» ўсходнія хрысціяне палічылі вялікай ерассю, і ў выніку адбыўся раскол. Так узнікла праблема філіоквэ (filioque — «і [ад] Сына»).

Да Вялікай схізмы 1054-га 28-ы канон Халкідонскага сабору разумелі так: канстанцінопальскі архіепіскап, калі яму давядзецца быць на адным саборы з рымскім епіскапам, сядае праваруч ад яго, і падчас набажэнстваў канстанцінопальскага архіепіскапа памінаюць другім пасля рымскага епіскапа. Калі ж адбыўся раскол, словы «пасля яго» ў 28-м каноне ўсходняя царква стала разумець у сэнсе часу і пераемнасці. Цяпер права разглядаць скаргі на патрыярхаў і спрэчкі паміж імі перайшло да архіепіскапа Новага Рыма, гэта значыць Канстанцінопаля. Тым больш, што Егіпет і Лівію, Сірыю, Фінікію і Месапатамію, Палесціну і Сінай, якія былі ў юрысдыкцыі Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай цэркваў, да сярэдзіны VII стагоддзя апанавалі мусульмане. Патрыярхі залежалі ад Канстанцінопаля, які з пераменным поспехам трымаўся яшчэ 800 гадоў.

У сусветным хрысціянстве, такім чынам, з’явіліся два першаіерархі: рымскі і канстанцінопальскі. Праўда, рымскага епіскапа называюць Усяленскім Архірэем (Сусветным Епіскапам), а канстанцінопальскага архірэя — Усяленскім Патрыярхам. 

Маскоўскі раскол

За 56 гадоў да Вялікага расколу ў складзе Канстанцінопальскай царквы ў выніку хрышчэння Русі з’явілася 60-я мітраполія з цэнтрам у Кіеве, якую пачалі называць Рускай царквой. У складзе мітраполіі былі заснаваныя епархіі. На землях цяперашняй Рэспублікі Беларусь іх існавала тры. Гэта Полацкая (992 год), Тураўская (1005-ы), а самы паўднёвы захад сучаснай Беларусі (Берасце) з 992 года быў у юрысдыкцыі валынскага епіскапа.

Нават пераехаўшы ў 1299-м з разгромленага татарамі Кіева ва Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву, прадстаяцелі мітраполіі працягвалі іменавацца мітрапалітамі Кіеўскімі і ўсяе Русі. Але для кіравання заходнімі епархіямі, у тым ліку Уладзіміра-Валынскай, Тураўскай і Полацкай, у 1303 годзе канстанцінопальскі патрыярх заснаваў Галіцкую мітраполію, якая з перапынкамі існавала да 1458-га. Пэўны час існавала і Літоўская мітраполія.

Новая старонка ў гісторыі Рускай царквы пачалася ў 1448 годзе, калі ад Кіеўскай мітраполіі і Усяленскага пасаду адкалоліся епархіі Маскоўскай дзяржавы. Так была створана Маскоўская царква на чале са сваім мітрапалітам. Не прызнаная Усяленскім патрыярхам, гэтая Царква знаходзілася ў расколе да 1589 года.

Здарылася так, што ў 1588 годзе Усяленскі патрыярх Іерамія ІІ змушаны быў паехаць у Кіеўскую мітраполію. Пабываўшы ў Кіеве і Вільні, ён выехаў у Маскву і трапіў там пад варту.

Іерамію марылі голадам, яму пагражалі палонкай, калі ён не прызнае аўтакефалію Маскоўскай царквы.

І патрыярх здаўся. Але, як выявілася пазней, большасць подпісаў пад саборнай граматай аб аўтакефаліі Маскоўскай царквы была падробленая.

Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія ІІ. Фота Wikimedia Commons.

Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія ІІ. Фота Wikimedia Commons.

Па сутнасці, з сярэдзіны XV стагоддзя да міждзяржаўнага супрацьстаяння Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага дадалося супрацьстаянне Рускай (Кіеўскай) і Маскоўскай цэркваў. Заваёўваючы ўсё новыя тэрыторыі, Маскоўская дзяржава далучала да сваёй мітраполіі і тамтэйшыя епархіі Рускай царквы.

У 1458-м, праз 10 год пасля адколу Масквы, мітрапаліты Кіеўскія сталі іменавацца мітрапалітамі Кіеўскімі, Галіцкімі і ўсяе Русі. У 1595-м мітрапаліт Міхаіл Рагоза прыняў унію з Рымскай царквой, і ў 1596-м праваслаўная Кіеўская мітраполія на кароткі час перастала існаваць. Аднак у 1620 годзе яна была адноўлена дэ-факта, а ў 1632-м яе «ўзаконіў» кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза.

Маскоўскі захоп

Усе прадстаяцелі адноўленай Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі былі экзархамі не Маскоўскага, а Усяленскага Патрыярха. Такое становішча не задавальняла Маскву, якая пасля Пераяслаўскай рады 1654 года імкнулася пазбавіць Левабярэжную Украіну з Кіевам усякага самакіравання. Маскве ў гэтым дапамог гетман Іван Самайловіч. Парушаючы прынятую працэдуру, ён зрабіў так, што мітрапалітам стаў нашчадак турава-пінскіх Рурыкавічаў Гедэон Чацвярцінскі, а пасля адправіў яго на высвячэнне ў Маскву. У Маскве, аднак, разумелі, што гэта некананічна, таму накіравалі пасольства ў Стамбул (так да гэтага часу стаў звацца захоплены туркамі Канстанцінопаль).

Нашчадак турава-пінскіх Рурыкавічаў мітрапаліт Гедэон Чацвярцінскі быў першым, каму Масква забараніла называцца «мітрапалітам усяе Русі», а толькі «Малыя Россіи». Фота Wikimedia Commons.

Нашчадак турава-пінскіх Рурыкавічаў мітрапаліт Гедэон Чацвярцінскі быў першым, каму Масква забараніла называцца «мітрапалітам усяе Русі», а толькі «Малыя Россіи». Фота Wikimedia Commons.

Калі паслам не ўдалося атрымаць згоду Усяленскага Патрыярха на перадачу Кіеўскай мітраполіі ў маскоўскую юрысдыкцыю, яны націснулі на яго праз турэцкага вялікага візіра (галоўнага міністра). У той час Турцыя вяла няспынныя войны, і ў 1684 годзе супраць яе пад эгідай папы Інакенція ХІ склалася Святая ліга, у якую ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя і Венецыя. Маскоўскія паслы ў такой сітуацыі паабяцалі візіру, што іх дзяржава ваяваць з туркамі не будзе.

Візір маскоўскім паслам паверыў, і пад яго ціскам патрыярх Дыянісій IV мусіў саступіць. Удзячныя паслы адсыпалі патрыярху залатых манет, падарылі яму сабаліныя шкуркі і вярнуліся на радзіму. Грамату паслы атрымалі ў 1686-м, але абяцанні, дадзеныя візіру, Расія выконваць адмовілася. У тым жа самым годзе Масковія далучылася да Святой лігі, а ў наступным пачала новую вайну з Турцыяй. Ды што там візір-«басурман», калі чорнай няўдзячнасцю адказалі нават сваім жа кіеўскім паплечнікам. У 1688 годзе ўладыку Гедэону Чацвярцінскаму загадалі быць ужо не мітрапалітам усяе Русі, а толькі «Малыя Россіи». Гетману ж Самайловічу, які дапамог Маскве захапіць Кіеўскую мітраполію, аддзячылі тым, што выслалі яго ў Табольск. У 1731 годзе выбарнасць кіеўскіх уладыкаў, нават уяўную, скасавалі. У 1722—1743 гадах нават пасады такой, як мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі, не было: кіеўскую кафедру займалі архіепіскапы.

Адплата, або Каноны трэба выконваць

Ні маскоўскія паслы, ні (пазней) расійскія свецкія і царкоўныя ўлады не ўчытваліся ў дакумент, атрыманы ў 1686 годзе. А ў ім былі кананічныя пастановы: 1) мітрапаліта Кіеўскага па-ранейшаму будуць абіраць духавенства і прадстаўнікі міран гэтай мітраполіі; 2) Масква толькі высвячае яго; 3) мітрапаліт застаецца экзархам Усяленскага пасаду і 4) абавязаны памінаць патрыярха Канстацінопальскага на набажэнствах як галаву сваёй Царквы.

Парушэнне ўсіх пунктаў граматы 1686 года стагоддзямі сыходзіла Маскве з рук. Але 13 лістапада 1924-га яна атрымала першую адплату. У гэты дзень Усяленскі пасад даў аўтакефалію Праваслаўнай царкве ў тагачаснай Польскай Рэспубліцы. У склад Праваслаўнай царквы ў Польшчы перадавалася частка даўняй Кіеўскай мітраполіі — епархіі, якія існавалі на колішняй тэрыторыі Літвы (Вялікага Княства Літоўскага) і Польшчы (Кароны Польскай, у склад якой з 1569 года ўваходзілі і ўкраінскія землі, а таксама Падляшша). Гэта, у прыватнасці, Віленская, Гродзенская і Пінская епархіі.

У Патрыяршым і Саборным томасе (грамаце) адмыслова звярталася ўвага на парушэнні, зробленыя Маскоўскай царквой: «Бо напісана, што першапачатковае аддзяленне ад нашага пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе праваслаўных цэркваў [епархій] Літвы і Польшчы і іх далучэнне да святой Маскоўскай царквы не было ажыццёўлена ў згоднасці з узаконенымі кананічнымі пастановамі і не былі захаваныя пагадненні аб поўнай царкоўнай самастойнасці Кіеўскага мітрапаліта, які носіць тытул экзарха Усяленскага пасаду».

Але нават калі б Масква і выконвала ўсе пункты граматы 1686-га, усё адно Усяленскі пасад меў бы права забраць у яе ўладу над колішняй Кіеўскай мітраполіяй, бо ў тым дакуменце дазвол на высвячэнне кіеўскіх мітрапалітаў даваўся Маскве не навечна. Не было слова «навечна» ў той грамаце. Не была тая грамата адпускною.

Лагер распаўся, а прэтэнзіі засталіся

Атрымаўшы першую адплату, Масква, аднак, хутка забыла ўрок 1924 года. Пасля таго, як Сталін аднавіў у 1943-м патрыяршаства і падначаліў Маскоўскай царкве праваслаўныя цэрквы краін так званай народнай дэмакратыі (пазней «сацыялістычнага лагера»), яна, як і за царом, стала прэтэндаваць на вядучую ролю ў сусветным праваслаўі. «Сацыялістычны лагер» распаўся, распаўся Савецкі Саюз, а прэтэнзіі Маскоўскай царквы засталіся.

Што ж, сёлета Усяленскі пасад даў Маскве другі ўрок. 11 кастрычніка Сінод Усяленскага патрыярхата адклікаў (скасаваў) грамату 1686 года і вярнуў былую Кіеўскую мітраполію (г. зн. Беларусь, Літву, Украіну і некаторыя заходнія раёны Расіі) ва ўлонне Канстанцінопальскай Маці-Царквы.

З Украінай ясна. Што з Беларуссю?

Калі прытрымлівацца духу і літары сінадальнай пастановы ад 11 кастрычніка 2018 года, на сёння ў Беларусі, Украіне і Літве няма кананічных праваслаўных царкоўных структур, апроч Канстанцінопальскай царквы. Пад эгідай Канстанцінопаля з красавіка 2018-га пачаўся працэс стварэння адзінай памеснай Праваслаўнай царквы ва Украіне. Украіна жыве з думкай аб патрыяршым і сінадальным томасе пра аўтакефалію сваёй Царквы.

Барысаглебская царква ў Навагрудку калісьці была саборам: Наваградак быў сядзібай мітрапалітаў Літоўскіх у часы, калі праваслаўная царква Вялікага Княства была незалежнай ад Масквы. Фота: Fanfo, shutterstock.com.

Барысаглебская царква ў Навагрудку калісьці была саборам: Наваградак быў сядзібай мітрапалітаў Літоўскіх у часы, калі праваслаўная царква Вялікага Княства была незалежнай ад Масквы. Фота: Fanfo, shutterstock.com.

А што з Беларуссю? Адказ на гэтае пытанне нядаўна даў вядомы багаслоў, архіепіскап Канстанцінопальскай царквы Іоў Геча, украінец, сын эмігрантаў.

Адказ просты: свецкай уладзе Беларусі і епіскапату варта толькі папрасіць, каб Усяленскі патрыярхат даў Праваслаўнай царкве ў Беларусі аўтакефалію, і механізм будзе запушчаны.

Пакуль жа такая просьба да патрыярха Варфаламея не прыходзіла.

У выпадку здабыцця Беларускай царквой аўтакефаліі патрыяршым храмам, напэўна, стане Свята-Духаў сабор у Мінску. Фота: Сurioso, shutterstock.com.

У выпадку здабыцця Беларускай царквой аўтакефаліі патрыяршым храмам, напэўна, стане Свята-Духаў сабор у Мінску. Фота: Сurioso, shutterstock.com.

Тут важна адзначыць адзін момант. Усяленскі патрыярхат дае аўтакефалію цэрквам толькі ў тых краінах, якія сталі незалежнымі.

Ранейшыя спробы стварыць аўтакефальную царкву ў Беларусі таму і былі беспаспяховыя, што Беларусь не была незалежнай.

Пагатоў не можа разлічваць на прызнанне аўтакефальная царква за межамі краіны.

Што ж тычыцца Рэспублікі Беларусь, то, пэўна, аўтакефалію яна папросіць, як толькі адчуе сябе сапраўды незалежнай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?