30 лістапада галоўнаму рэдактару партала Tut.by Марыне Золатавай адмовілі ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу па «справе БелТА».
Фота: Дзмітрый Брушко, Tut.by.
Раней галоўны рэдактар Tut.by падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле арт. 86 КК. Аднак у гэтым ёй адмовілі. Такое рашэнне ёй агучыў кіраўнік следчай групы Аляксандр Сяменік.
Ён таксама паведаміў, што адпаведны дакумент ёй адпраўлены па пошце. Ёй далі месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы. Затым яна зможа зноў звярнуцца з хадайніцтвам у пракуратуру аб спыненні крымінальнага пераследу.
Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачванай па «справе БелТА». Галоўнага рэдактара Tut.by абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Усе астатнія 14 супрацоўнікаў розных СМІ раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць страту.