20 лістапада ў віцебскую міліцыю паступіла заяву аб крадзяжы паўпрычэпа-рэфрыжэратара Schmitz коштам каля 12 тысяч еўра. Ён знік з-пад стаянкі, якая ахоўваецца. Як?

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку перагледзелі месяц запісаў камеры відэаназірання і высветлілі, што прычэп знік у канцы кастрычніка. На камеру трапіў момант, калі невядомы мужчына на цягачы «Вольва» з рэгістрацыйнымі нумарамі Еўрасаюза прычапіў рэфрыжэратар і з'ехаў.

Як вызначыла віцебская міліцыя, 45-гадовы мужчына, які меў доступ да ключоў ад цягача свайго знаёмага, скарыстаўся аўтамабілем, папярэдне змяніўшы беларускія рэгістрацыйныя нумары на нумары Еўрасаюза. Увечары 29 кастрычніка ён заехаў на стаянку і выкраў паўпрычэп. Адбуксіраваўшы яго ў гарадскі пасёлак каля Віцебска, мужчына вярнуў цягач на месца.

На працягу некалькіх дзён ён змяніў прычэп — пафарбаваў некаторыя элементы, змяніў налепкі, а таксама зрабіў захады для знішчэння ідэнтыфікацыйных нумароў.

Віцебчук быў затрыманы супрацоўнікамі ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама ўначы 19 снежня пры буксіроўцы скрадзенага рэфрыжэратара.

За крадзеж у буйным памеры ў яго дачыненні завялі крымінальную справу. Таксама вырашаецца пытанне аб прыцягненні яго да адказнасці за крадзеж цягача «Вольва» і змену нумарных ідэнтыфікацыйных знакаў паўпрычэпа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0