Кожны квартал Міністэрства абароны выкладвае актуальны спіс вакансій для салдат і сяржантаў для працягу службы па кантракце.
«Наша Ніва» паглядзела, якая ж работа ва ўзброеных сілах прапаноўвалася станам на кастрычнік 2018 года.
Большасць спецыяльнасцяў даволі празаічная: гэта кіроўцы (не толькі службовых машын, але і баявой тэхнікі), механікі, электрыкі, тэлеграфісты, недзе (у Брэсцкую і Бабруйскую камендатуру) патрэбны нават музыканты.
Ілюстрацыйнае фота
Ёсць і выключна ваенныя вакансіі, куды без адпаведнага досведу наўрад ці трапіш: наводчыкі, сапёры, стралкі-зенітчыкі, камандзіры аддзяленняў.
Але мы звярнулі таксама ўвагу на тое, што па абвестцы на сайце Мінабароны набіраюць нават разведчыкаў!
«Разведчык-назіральнік», напрыклад, патрабуецца ў штаб 15-й зенітнай ракетнай брыгады (в/ч 30151) ля Фаніпаля.
У патрабаваннях — «наяўнасць адпаведнай падрыхтоўкі».
Проста «разведчык» патрэбны ў часць № 89417 ССА ў Мар'інай Горцы.
Можна падумаць, што пад гэтай фармулёўкай хаваецца ўласна тое, чаму вучаць салдатаў, — разведцы і дыверсіям на мясцовасці.
Разведчыкі сіл спецыяльных аперацый, фота: Міністэрства абароны
Такія ж разведчыкі патрабуюцца і ў брэсцкую часць ССА.
«Разведчыка-назіральніка» шукаюць у часць, якая будзе займацца аховай Астравецкай АЭС.
Таксама «разведчык» патрэбны ў 19-ю асобную мабільную брыгаду (в/ч №71327) у Заслонаве.
Заробкі разведчыкаў і іншых спецыялістаў на сайце не пазначаныя.
Варта адзначыць, што практыка набору разведчыкаў праз інтэрнэт не айчыннае ноу-хау.
У прыватнасці, ізраільская спецслужба «Масад» набірае ахвотных супрацоўнічаць падобным чынам — раней яны давалі абвесткі ў газеты, а цяпер проста на іх сайце ёсць адпаведны раздзел з інструкцыямі і перасцярогамі для патэнцыйных агентаў.
Праўда, у выпадку «Масада» гаворка ідзе хутчэй пра дыстанцыйных пастаўшчыкоў інфармацыі, а не штатных разведчыкаў.