Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў прэс-канферэнцыю, якая доўжылася больш за сем гадзін. Як амаль штогод, запрошаныя на мерапрыемства былі і прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, незалежныя эксперты, а таксама апазіцыйныя палітыкі. Але слова далі далёка не ўсім. Затое з некаторымі размова была працяглай, некаторых Лукашэнка ўзгадваў зноў і зноў.

Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук дорыць Аляксандру Лукашэнку кнігу пра гібрыдныя войны.

Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук дорыць Аляксандру Лукашэнку кнігу пра гібрыдныя войны.

Свае пытанні змаглі задаць карэспандэнты «Еўрарадыё» і Радыё «Свабода» (замежныя беларускамоўныя СМІ, якія працуюць у Мінску і акрэдытаваныя пры МЗС), былы кандыдат у прэзідэнты ліберал Яраслаў Раманчук, а таксама прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і Алена Анісім. Чаму менавіта яны атрымліваюць магчымасць выказацца на прэс-канферэнцыі беларускага лідара? І якая роля адводзіцца прыведзеным спікерам падчас падобных мерапрыемстваў?

Сваё меркаванне пра гэта мае палітолаг Павел Усаў: «Беларуская ўлада знаходзіцца на стадыі «дыялогу з Захадам» і абмежаваны плюралізм з’яўляецца элементам умацавання гэтага дыялогу, прасоўваннем вобразу «прываблівай дыктатуры» без сур’ёзных сістэмных перамен у самой краіне.

Ёсць, канечне ў гэтых «размовах з апанентамі» і псіхалагічны момант, дзякуючы якому аўтарытарны кіраўнік імкнецца паказаць глыбіню ведаў, мудрасць, сваю перавагу і сілу ўплыву на апанентаў. У выніку павінен стварыцца эфект «зачараванасці дыктатарам» (casus Трусава).

Шмат якія аўтакраты запрашалі ды запрашаюць да сябе вядомых філосафаў, пісьменнікаў, артыстаў, каб, з аднаго боку, вонкава ўпрыгожыць сваю ўладу, а з іншага — паказаць свой чалавечы твар. Безумоўна, гэтая чалавечнасць і плюралізм заканчваецца за мурамі вялікіх канферэнцыйных залаў ці кабінетаў чыноўнікаў. Па-за імі жорсткая палітычная рэальнасць, дзе ёсць толькі адна мэта, якой падпарадкавана ўсё, — утрыманне стабільнасці і нязменнасці ўлады. Таму апаненты могуць выказаць нейкія прагрэсіўныя ідэі, нават паспрачацца з дыктатарам, але пераканаць яго не ўдасца, як і рэалізаваць свае ідэі. Любыя спробы перанесці «кабінетны плюралізм» у публічную прастору вельмі хутка сканчваецца арыштамі, штрафамі і разгонам.

Размова дыктатара з некаторымі са сваіх «апанентаў» — гэта дэкарацыя, як і ўсё іншае, што толькі нагадвае пра дэмакратыю: «выбары», незалежныя прадстаўнікі ў парламенце, канструктыўная апазіцыя і гэтак далей. Прыгожа, але не эфектыўна, калі мы кажам пра сапраўднае развіццё дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці, нават калі мы кажам пра беларусізацыю.

На маю думку, у свядомасці Лукашэнкі непасрэдная размова з прадстаўнікамі незалежных СМІ і апазіцыі — гэта вяршыня дэмакратыі, больш няма куды, ды і не трэба.

Другі аспект гэтых размоваў (калі мы кажам пра наяўнасць незалежных прадстаўнікоў) — гэта свядомае маніпуляванне гутаркай, дыялогам, праз якое аўтакрат выкрывае «другое дно» сваіх апанентаў: «дэструктыўнасць», «варожасць», «антынароднасць». То бок апаненты са сваімі прапановамі становяцца аб'ектам крытыкі ды маральнага знішчэння», — лічыць Усаў.

Менавіта таму, на ягоную думку, права задаць пытанні атрымалі менавіта прадстаўнікі замежных радыёстанцый, фінансаваных урадамі замежных краін

«Яскравым прыкладам з'яўляюцца дэбаты Лукашэнка з журналістам Змітром Лукашуком і эканамістам Яраславам Раманчуком, — працягвае Усаў. — Лукашэнка старанна намякаў сваімі пытаннямі, што недзяржаўныя СМІ — гэта агенты ўплыву Захаду, іх нельга пускаць у Беларусь. Бо мэта гэтых медыяў — дэзарыентаваць грамадства ды дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. У сваю чаргу лібералізм і рэформы шкодныя і разбуральныя, іх рэалізацыя прывядзе да паўтору таго, што адбылося пасля распаду СССР: алігархія, крыміналізацыя, абядненне насельніцтва, беспрацоўе.

У слухача павінна было застацца ўражанне, што тыя, хто выступаюць за перамены, змену ўлады, дэмакратыю ды свабоду, насамрэч прывядуць да знішчэння дзяржавы і тых устойлівых адносін, якія існуюць у Беларусі сёння. На гэтым фоне Лукашэнка павінен быў паказаць сябе як сапраўдны гаспадар і бацька нацыі, які супрацьстаіць палітычнаму авантурызму і хаосу», — мяркуе Усаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?