2 сакавіка ў Мінску адбылася бойка паміж мужчынам у казацкім адзенні і жыхаром сталіцы, які вырашыў яго сфатаграфаваць.
Пацярпелы Віктар К. падрабязна распавядаў «Нашай Ніве» сваю версію здарэння. Па яго словах, мужчына заўважыў, што яго здымаюць, паведаміў, што «за такое тэлефоны б’юць», і ўдарыў Віктара па руцэ з мабільнікам. Пасля мужчыны счапіліся, іх забрала міліцыя.
Як стала вядома пазней, 11 сакавіка, «казак» пазваніў пацярпеламу і папрасіў прабачэння.
Праўда, 10 сакавіка праваслаўныя адзначалі Даравальную нядзелю. Таму выбачэнні могуць быць звязаныя з рэлігіяй. Пацярпелы распавёў, што пра Даравальную нядзелю казаў і сам «казак».
«Наша Ніва» звязалася з тым «казаком» — Ігарам С.
«Я прынцыпова не размаўляю з журналістамі. Таму больш не званіце мне, я прынцыпова не буду адказваць», — сказаў Ігар С.
Але ён пацвердзіў, што званіў пацярпеламу з выбачэннямі. Чаму ён раптам вырашыў выбачыцца, «казак» расказваць не захацеў.
«Гэта мая асабістая справа з тым мужчынам. Я папрасіў прабачэння праз свой светапогляд», — коратка адказаў Ігар С.
Пацярпелы Віктар К. цяпер кажа, што можа і не варта даводзіць справу да суда.
«Я ўжо схіляюся да таго, што варта выбачыць гэтага чалавека. Мяркую, што для яго гэта і так будзе ўрокам на будучыню. А мне з таго, што яго пакараюць, лягчэй жыць не стане», — кажа Віктар.