Упершыню ў сваім жыцці я падтрымаў праект «Беларусьфільма». Падтрымаў асабістым удзелам. Я зняўся ў фільме «Янка Купала» Уладзіміра Янкоўскага. Зняўся там і мой сын Глеб. Падтрымалі сямейна, па поўнай.

Андрэй Курэйчык, facebook.com

Андрэй Курэйчык, facebook.com

Чаму? Таму што ўпершыню за шмат гадоў гэтая ледзь жывая, непатрэбная кампанія, якая спальвае тоны народных грошай, бессэнсоўная і дарагая, як маўзалей «Леніна», сімвал незваротнага мінулага, з карысцю траціць грошы падаткаплацельшчыкаў. Гэта значыць, накіроўвае іх туды, куды яны і павінны пайсці — на прасоўванне і развіццё нацыянальнай культуры.

Фільм «Янка Купала» ў яго цяперашнім выглядзе (а ён кардынальна адрозніваецца ад таго школьнага лікбезу, які выйграў конкурс, дзякуй тым, хто перапісаў гэтую бадзягу цалкам, — Уладзіміру Янкоўскаму і Аляксандры Барысавай) — гэта першы рэальна нацыянальна арыентаваны, я б нават сказаў, нацыяналістычны кінапраект.

У «Янку Купалу» арганічна і шмат гавораць на «тарашкевіцы». Там ясна пастулюецца і даносіцца найважнейшая думка: беларусы — ніякія не рускія, што гэта нацыя, вартая сваёй нацыянальна арыентаванай дзяржавы, а наша мова — гэта крута! Калі такое кіно здымаў «Беларусьфільм»?

Гэта першы праект кампаніі, які наогул не арыентаваны на расейскі рынак. Калі такое было?!

«Беларусьфільм» заўсёды лічыўся правінцыйным прыдаткам расійскага рынку па вытворчасці танных ваенфільмаў і меладрамак. Таму заўсёды там галоўныя ролі гралі расейскія «зоркі». Тут няма ні адной. А галоўную ролю грае прадстаўнік Еўрасаюза — латыш. Ніякіх прарасейскіх эківокаў.

Ніякай настальгіі па жыцці ў «вялікай краіне». СССР — як трагедыя для нармальных беларусаў, для беларускай інтэлігенцыі, для галоўнага беларускага пісьменніка і паэта — Янкі Купалы. СССР — як глабальная гістарычная страта для нашага народа, а не набытак. Калі такое ў нас здымалася на нацыянальным узроўні за дзяржгрошы?!

Калі галоўныя персанажы на беларускай мове гаварылі ў коле літоўскай і беларускай інтэлігенцыі на фоне карцін Чурлёніса: «Мы, беларусы, зайздросцім літоўскаму нацыянальнаму руху і хочам таксама!» Калі такое здымалася на «Беларусьфільме»?Гэта крута. Гэта першы дзяржаўны нацыянальны кінапраект. Проста першы. Надзвычай ідэалагічна і палітычна важнае і карыснае кіно. Тое, што навучыліся рабіць ва Украіне (а да гэтага ў Грузіі і Балтыі) — злезці з расійскіх стэрэатыпаў і рынку і здымаць пра сваю гісторыю, сваю нацыю, сваю культуру і на сваёй мове, нарэшце пачынаюць рабіць і ў Беларусі. Даўно пара было.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?