На месцы масавага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсце знойдзены рэшткі 990 чалавек. Пра гэта паведаміў мэр Брэста Аляксандр Рагачук, перадае БелТА.

Масавае пахаванне было выяўлена 17 студзеня на рагу вуліцы Куйбышава і праспекта Машэрава, дзе пачалося будаўніцтва жылога квартала.

«Былі асцярогі, што падчас гэтай працы будуць знойдзеныя парэшткі. І інвестар гэта ведаў. Улічваючы знаходжанне гета ў гэтым раёне, меркавалася, што будзе ісці гаворка пра дзясяткі чалавек. На гэты момант ужо дасталі астанкі 990 чалавек. Гэтай лічбы не чакаў ніхто: ні грамадскія дзеячы, ні навукоўцы. Для нас гэта шок. Раскопкі працягваюцца, іх вядзе спецыялізаваны батальён Міністэрства абароны», — сказаў Аляксандр Рагачук.

Між тым катлаван пад пляму забудовы практычна гатовы. Пры гэтым па праекце падмуркі будучага будынка знаходзяцца за некалькі метраў ад пахавання.

«Да таго часу, пакуль не будуць вынятыя апошнія рэшткі, ні пра якое будаўніцтва ў гэтым квартале не можа быць і гаворкі. Тая праца, якая цяпер вядзецца ўздоўж першай лініі, не мае ніякага дачынення да месца пахавання. Мы трымаем пытанне на кантролі, гатовыя да любых прапаноў па ўвекавечанні памяці нявінных ахвяр фашызму», — адзначыў мэр.

Зараз прапрацоўваюцца розныя варыянты ўшанавання памяці ахвяр гета.

«На месцы пахавання не будзе нічога, акрамя зялёных газонаў. Нават парковачных месцаў, дзіцячых пляцовак там не будзем размяшчаць. А тое, што гісторыю гета і памяць пра яго ахвяраў трэба ўвекавечыць, — мы ўжо цяпер пра гэта задумваемся. Магчыма, будзе ісці гаворка пра новыя кампазіцыі наўзамен старых, нейкія рытуальныя камяні, інфармацыйныя дошкі», — дапоўніў мэр.

Пахаванне рэшткаў ахвяр вайны будзе праведзена з захаваннем рэлігійных канонаў і традыцый на адных з могілак абласнога цэнтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0