Многія беларусы лічаць, што на ўкраінскіх выбарах Зяленскі адназначна пераможа, і яго ўжо нічога не зможа спыніць. Цікава, што ва ўкраінцаў іншыя меркаванні на гэты конт. Хаця, паводле аднаго з апошніх апытанняў, Зяленскага падтрымліваюць 24,7% і ён лідар гонкі, толькі 18% апытаных вераць у яго перамогу.

Безумоўна, Зяленскі — адзін з фаварытаў, і мае рэальныя шансы на перамогу, але, я б на месцы ўсіх, не спяшаўся з высновамі. Усё больш скаладана. І вось чаму (высновы заснаваныя на вось гэтым апытанні групы «Рэйтынг»):

— Зяленскі мае найбольшы ўзровень падтрымкі сярод моладзі (якая традыцыйна менш актыўная на выбарах).

— Электарат Зяленскага — самы «неактыўны» сярод электаратаў іншых кандыдатаў. Яны менш за ўсіх увогуле ходзяць на выбары. Толькі 52% людзей з электарату Зяленскага заявілі, што ўдзельнічаюць у кожных выбарах. Для параўнання, сярод аматараў Цімашэнка і Парашэнкі такіх 78%.

— Зяленскі робіць сваю праграму на супрацьпастаўленні сябе эліце, як пазасістэмны кандыдат. Такім чынам за яго гатовыя галасаваць зараз 24,7%. Але любому пазасістэмнаму кандыдату цяжка ў другім туры (калі Зяленскі туды і выйдзе) дабіраць тыя галасы, якія людзі аддавалі ў першым туры за «сістэмнага» кандыдата. Карацей, калі ў другі тур выйдзе пара Цімашэнка-Зяленскі, Цімашэнка зможа забраць галасы людзей, якія галасавалі за Парашэнку. І ў пары Парашэнка-Зяленскі аматары Цімашэнка хутчэй аддадуць свой голас Парашэнку, чым Зяленскаму.

— Зяленскі мае найлепшыя паказчыкі на Усходзе і на Поўдні, і найгоршыя — на Захадзе, у Галіччыне. Традыцыйна на ўкраінскіх выбарах Галіччына галасуе вельмі актыўна, у параўнанні з Усходам, і для Зяленскага гэта сур'ёзная праблема. Ды і гэта вельмі грамадска-актыўны рэгіён, які ў выпадку рэальнай спробы Зяленскага стаць прэзідэнтам максімальна мабілізуецца, каб гэтага не дапусціць.

— Не трэба забываць і пра адміністрацыйны рэсурс. Ва Украіне, хаця і ёсць рэальныя выбары, цалкам дэмакратычнымі іх назваць нельга. У Цімашэнка ёсць моцная партыя з разгалінаванымі ўстойлівымі рэгіянальнымі структурамі, у Парашэнкі ёсць кантроль над Пракуратурай і СБУ. Нічога падобнага ў Зяленскага няма. У Зяленскага няма дастаткова людзей нават каб закрыць усе выбарчыя камісіі. Цімашэнка дзякуючы моцнай партыі, а Парашэнка дзякуючы моцным структурам і нацыянальным актывістам будзе мець не па адным чалавеку ў кожнай камісіі і назіральнікаў на кожным участку. Зяленскі — не, і гэта ва ўкраінскіх умовах можа каштаваць яму пару працэнтаў галасоў. Не дзясяткаў працэнтаў, канечне, але працэнты 2 — можа быць.

— Яшчэ каля чвэрці людзей не вызначыліся з тым, за каго яны будуць галасаваць. Гэта — сапраўдная «чорная скрыня», якая можа як дабавіць яму галасоў, так і дапамагчы «традыцыйным» кандыдатам.

— Феномен Зяленскага заснаваны ў тым ліку на яго пазасістэмнасці. І такі імідж лёгка падтрымліваць, калі ты не ўдзельнічаеш у палітычным жыцці, дэбатах, палітычных ток-шоу. Але калі Зяленскі выйдзе ў другі тур, яму прыйдзецца гэта ўсё рабіць. Яму прыйдзецца ўзяць удзел у тэледэбатах. І як ён праявіць сябе ў класічных палітычных змаганнях, напрыклад, адкрытай дыскусіі з сістэмным палітыкам, — таксама вялікае пытанне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?