Broadcast Media
Днём 15 сакавіка пасля дзённай малітвы нападнікі ўварваліся ў мячэці, размешчаныя на Дынс-авеню і Лінвуд-авеню ў горадзе Крайстчэрч, і пачалі страляць па прыхаджанах, паведамляе New Zealand Herald.
Паводле папярэдніх звестак, загінулі як мінімум 49 чалавек. Дзясяткі параненых дастаўлены ў бальніцы. У момант нападу ў будынках знаходзіліся сотні людзей.
Скриншот NZME Radio.
Затрыманыя чацвёра падазраваных у нападзе — трое мужчын і адна жанчына. Вядома, што аднаго з нападнікаў завуць Брэнтан Тарант. Гэта 28-гадовы мужчына з Аўстраліі. Ён вёў прамую трансляцыю забойстваў у інтэрнэце на працягу 17 хвілін. Перад тым, як адправіцца на злачынства, ён апублікаваў у інтэрнэце 37-старонкавы «маніфест», які тлумачыць яго матывы. Яго акаўнты ў сацсетках заблакаваныя.
На старонцы Брэнтана быў змешчаны даволі хаатычны пералік бітваў між хрысціянскімі і мусульманскімі краінамі і людзей з розных краін, асуджаных за напады на мусульман. Сярод бітваў згадваюцца бітва пры Кагуле часоў расійска-турэцкіх войнаў і баі на перавале Шыпка ў Балгарыі. Сярод асобаў — Аляксандр Бісанэт, асуджаны да пажыццёвага зняволення за масавае забойства ў мячэці ў Канадзе і Люка Траіні, італьянец, асуджаны да 12 гадоў зняволення за напад на імігрантаў, у часе якога было паранена 6 чалавек.
На вуліцах Крайстчэрча выяўленыя некалькі самаробных выбуховых прылад, якія былі ўсталяваныя на прыпаркаваных аўтамабілях. Паліцыя іх абясшкодзіла.
Photo / Kurt Bayer
Затрыманыя тры мужчыны і адна жанчына.
Відавочцы паведамлялі аб яшчэ адной стральбе на Стрыкленд Стрыт, гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная. У горадзе зачыненыя ўсе школы і дзяржаўныя ўстановы. Улады просяць людзей не пакідаць свае дамы.
Photo / Supplied
Паліцыя ачапіла мячэць у горадзе Данідзін. Яна згадвалася ў маніфесце тэрарыста як першапачатковая мэта для атакі.
SNPA
Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн назвала тое, што здарылася, «экстрэмальным і беспрэцэдэнтным актам гвалту» і «адным з самых змрочных дзён» у гісторыі краіны.
Таксама паведамляецца, што паліцыя Окленда знішчыла дзве бомбы на трамвайнай станцыі. Сілавікі ачапілі яе з-за двух падазроных заплечнікаў, выкарыстоўвалі дыстанцыйных робатаў і наладзілі падрыў.
Ці сапраўды там былі бомбы ці гэта проста чыесьці забытыя рэчы - незразумела.





