Дэпутат парламента Чачні ад «Адзінай Расіі», былы міністр абароны незалежнай Ічкерыі Магамед Ханбіеў заявіў, што не любіць рускіх і не размаўляе з імі. Пра гэта палітык сказаў у прамым эфіры ў Instagram. Відэа з прызнаннем апублікаваў у Twitter апазіцыянер Аляксей Навальны.

«Падышах майго народа — чачэнец. Я з рускімі ніколі не размаўляю. Я рускім ніколі слова не кажу. Я ніякаму рускаму не здаваўся [падчас вайны ў Чачні], — сцвярджае Ханбіеў (пераклад з чачэнскай Навальнага). — У мяне не было размовы ні з адным рускім генералам, ні з афіцэрам. І я іх не люблю нават сёння. Я сын Ічкерыі!»

Таксама ён раскрытыкаваў прыхільнікаў Ічкерыі, падкрэсліўшы, што тыя не маюць маральнага права звяртацца да яго.

Ханбіеў у часы незалежнай Ічкерыі падтрымліваў ідэю стварэння незалежнай свецкай Чачні і выступаў супраць распаўсюджвання ў Ічкерыі рэлігійнага экстрэмізму, уступаючы ў канфлікты з Шамілём Басаевым і лідарамі вахабітаў. У сакавіку 2004-га склаў зброю і здаўся ўладам.

На сайце рэспубліканскага парламента інфармацыі пра падзеі гэтага перыяду біяграфіі Ханбіева няма: там сказана, што ў 1980-я ён быў трэнерам па барацьбе і служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі, а з 1994 па 2005 год «працаваў на розных пасадах».

Ічкерыя была самаабвешчанай рэспублікай, якая існавала пасля распаду СССР на частцы тэрыторыі былой Чачэна-Інгушскай АССР у складзе РСФСР. Юрыдычна Ічкерыя спыніла сваё існаванне ў 2007 годзе, калі прэзідэнт рэспублікі Доку Умараў абвясціў пра стварэнне «Каўказскага эмірата» («Імарат Каўказ»). Ічкерыя тады стала «вілаятам Нахчыйчо» у складзе новаўтварэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0