Пратэстоўцы закідалі паліцыянтаў камянямі, высадзілі дзверы будынка сербскага дзяржаўнага тэлебачання і занялі памяшканні тэлерадыёкампаніі РТС. Адтуль іх пасля вывелі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
У Бялградзе падчас чарговай акцыі апазіцыі супраць палітыкі прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча група дэманстрантаў на чале з апазіцыянерамі Башка Абрадавічам і Драганам Джыласам уварвалася ў будынак дзяржаўнага тэлебачання РТС, паведамляе мясцовае выданне Kurir.
Абрадавіч патрабаваў ад супрацоўнікаў канала даць яму магчымасць выйсці ў эфір. «Мы застанемся тут, пакуль нам не дазволяць узяць удзел у праграме. У чым праблема даць нам дзве хвіліны?» — абураўся Абрадавіч.
Аднак прыбыў спецназ і выцягнуў усіх мітынгоўцаў з будынка аднаго за адным.
Апазіцыя ў Сербіі трэці месяц пратэстуе супраць манапалізацыі дзяржаўных СМІ Вучычам.