«Мы прачнуліся на раніцу і здзівіліся, як вакол стала ціха. Дзевяць дзён да гэтага мы, дзеці, прывыклі да таго, што кожны дзень побач паміраюць людзі, што брэшуць аўчаркі, што чуваць стрэлы, — расказвае Валянціна Шышло. — А тут цішыня і салдаты ў белых маскхалатах. Я помню, як яны крычалі нам: «Толькі не ўставайце з месцаў, сядзіце смірна, тут паўсюль міны». Некаторыя так радаваліся хуткаму вызваленню, што беглі насустрач. І тут жа падрываліся на мінах».

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю вызвалення лагера Азарычы.

Вядома, што лагер праіснаваў нядоўга, усяго 9 дзён. Але за гэтыя дні тут загінула каля 20 000 чалавек.

Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.

Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.

«Мне горка чуць такія словы: «Усяго дзевяць дзён», — працягвае Валянціна Шышло, — гэтыя дзевяць дзён былі самымі доўгімі і трагічнымі ў маім жыцці. Мы кожны дзень паміралі».

Падчас сустрэчы выступілі і нямецкія прафесары гісторыі Крыстаф Рас і Адам Керпель-Фроніус, якія распавялі прысутным пра культуру памяці ў Германіі.

«Я — трэцяе пакаленне немцаў, якое ступае на беларускую зямлю, — расказаў Крыстаф Рас, — і першае, якое прыйшло з мірам. Мой прадзед падчас Першай Сусветнай вайны прыйшоў у Беларусь у складзе Прускай арміі, дзед — ваяваў на баку Вермахта, верагодна, быў адным з тых, хто катаваў людзей у Азарычах. Ён ішоў у гэтую краіну пераможцам, а ў 1944 пакідаў яе, падціснуўшы хвост. Я хачу раздзяліць адказнасць за сваю краіну. Доўгі час культура памяці ветэранаў Вермахта ў Германіі была наступная: «Мы смуткуем па загінулых таварышах». І ні слова пра тыя злачынствы, якія яны ажыццяўлялі ў Беларусі». 

Адам Керпель-Фроніус працягнуў думку калегі і расказаў:

Адам Керпель-Фроніус.

Адам Керпель-Фроніус.

«У Германіі Беларусь часоў Другой сусветнай вайны асацыюецца перш за ўсё з ваеннапалоннымі, партызанамі і спаленымі вёскамі. Пра тое, што немцы стваралі на тэрыторыі Беларусі лагеры смерці, у нас загаварылі адносна нядаўна, гадоў 30 таму. Таму наша задача, цяперашняга пакалення немцаў, расказаць усю праўду пра тую вайну».

Падчас мерапрыемства працавала выстава, дзе было прадстаўлена каля 30 дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, сярод якіх кнігі, напісаныя на аснове ўспамінаў вязняў і іншыя матэрыялы, прысвечаныя даследаванню гэтай праблематыкі.

Аўтар кнігі — Аркадзь Шкуран справа. 

Аўтар кнігі — Аркадзь Шкуран справа. 

Да выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», якая працуе на другім паверсе бібліятэкі, дадаліся модулі з біяграфічнымі звесткамі вязняў лагера «Азырычы», сярод якіх можна знайсці стэнд, прысвечаны сям’і Валянціны Шышло.

Гісторык Крыстаф Рас.

Гісторык Крыстаф Рас.

Да памятнай даты прымеркавалі і прэзентацыю кнігі «Палессе: трагедыя і памяць: злачынствы вермахта: канцлагер «Азарычы», 1944 год», напісаная вязнямі Азарычаў Аркадзем Шкураном і Міхаілам Сінькевічам. На 700 старонках кнігі — фота, дакументальныя факты і ўспаміны тых, хто бачыў і перажыў жорсткія падзеі сакавіка 1944 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?