Некалькі ўкраінскіх алігархаў гатовы дапамагаць любому з канкурэнтаў Пятра Парашэнкі, паведамляе «Українська правда».

Непрымірымымі апанентамі Парашэнкі з'яўляюцца Дзмітрый Фірташ, Сяргей Лёвачкін і Ігар Каламойскі. Іх «Українська правда» называе «траістым саюзам», члены якога ўпэўненыя, што Парашэнку нельга даць перамагчы ў другі раз.

«Можна не глядзець інтэрв'ю Ігара Каламойскага, каб зразумець яго стаўленне да дзейнага прэзідэнта. Дастаткова ўключыць [тэлеканал] «1+1» і паглядзець некалькі гадзінных «расследаванняў», якія ў сутнасці сваёй з'яўляюцца перадвыбарчай «чарнухай» супраць Парашэнкі», — адзначаюць аўтары матэрыялу.

Таксама ў адкрытую вайну з Парашэнкам уступіў тэлеканал «Інтэр», які належыць Фірташу і Лёвачкіну. Як адзначаецца, за апошнія некалькі тыдняў гэты канал стаў ледзь не галоўнай тэлевізійнай трыбунай для лідара нацыяналістычнай арганізацыі «Нацыянальны корпус» Андрія Білецкага (сябры аб'яднання ў сярэдзіне сакавіка рабілі спробы сарваць мітынгі Парашэнкі). А ў лютым на «Інтэры» пачалі з'яўляцца станоўчыя сюжэты пра лідара прэзідэнцкай гонкі Уладзіміра Зяленскага, якога звязваюць з Каламойскім.

Апошнім сур'ёзным медыйным саюзнікам Парашэнкі аказаліся тэлеканалы, звязаныя з Віктарам Медзведчуком (тэлеканалы «112 Україна» і NewsOne).

У матэрыяле паведамляецца, што іншыя найбуйнейшыя алігархі Віктар Пінчук і Рынат Ахметаў занялі нейтральную пазіцыю.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ва Украіне адбудуцца 31 сакавіка 2019 года, другі тур адбудзецца 21 красавіка. Лідарам прэзідэнцкай гонкі з'яўляецца шоўмен Уладзімір Зяленскі. Парашэнка змагаецца за выхад у другі тур з Юліяй Цімашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0