Дзмітрый Паліенка. Фота ПЦ «Вясна»
У Мінску каля дзясятай гадзіны раніцы 20 сакавіка ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Падрабязнасці затрымання ПЦ «Вясна» распавяла сяброўка Змітра Наста Гусева.
«Каля 10 ранку ў кватэру брутальна ўварваліся людзі з аўтаматамі, ў бронекамізэльках і масках. Адразу павалілі Змітра на падлогу тварам уніз, адзелі кайданкі. Затым выбілі дзверы ў суседні пакой, пачалі праводзіць вобшук. Паведамілі, што супраць Змітра заведзена новая крымінальная справа за «асабліва злоснае хуліганства».
Супрацоўнікі паведамілі, што справа нібыта звязана з інцыдэнтам тыднёвай даўніны.
«Прыкладна тыдзень таму Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык», — пераказала гісторыю Наста.
Вобшук у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (камп'ютар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д. У Насты Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільны тэлефон.
Версія следства зусім іншая. У СК паведамілі, што жыхар дома заўважыў на лесвічнай пляцоўцы незнаёмага хлопца. Хлопец курыў. Мужчына зрабіў заўвагу, за што яму ў твар адразу пырснулі з газавага балончыка.
Па дадзеных следства, адбылося ўсё 13 сакавіка прыблізна каля 20:00 на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Мінску. Тым хлопцам, як падазраюць следчыя, быў Зміцер Паліенка, якога затрымалі 20 сакавіка.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, паведамляе СК.





