У сталіцы Казахстана Астане паліцыя затрымала каля 20 чалавек, якія выступалі супраць перайменавання горада ў Нурсултан — у гонар першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. Пра гэта паведамляе Reuters.
Фота: пратэсты ў Астане (twitter.com/Radio_Azattyk).
Паведамляецца, што пакуль фармальная працэдура не завершана, некаторыя жыхары Астаны выступілі супраць перайменавання сталіцы ў чацвёрты раз менш чым за 60 гадоў. Анлайн-петыцыя супраць перайменавання сабрала больш за 30 тысяч подпісаў.
Дзясяткі чалавек сабраліся ў чацвер раніцай, 21 сакавіка, на плошчы перад мэрыяй Астаны, каб выказаць нязгоду з рашэннем уладаў. Спрэчка з адным з удзельнікаў мітынгу прывяла да бойкі, пасля чаго паліцыя затрымала практычна ўсіх пратэстоўцаў.
Новы прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў перайменаваць сталіцу Астану ў гонар першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Парламент Казахстана 20 сакавіка прыняў законапраект аб перайменаванні Астаны ў Нурсултан.