Чаму можа балець галава?

Галаўны боль — распаўсюджаны сімптом розных захворванняў. Паводле статыстыкі, 4—8% людзей звяртаюцца да дактароў з такім болем.

Галаўны боль можа быць як вынікам паталагічных працэсаў, якія адбываюцца у самой галаве (дакладней, у мозгу), так і наступствам іншых захворванняў. Частая прычына галаўнога болю — проста стома пасля напружанай разумовай работы. Таксама часта гэта вынік павышанага або паніжанага ціску. Галаўны боль — часты сімптом пры прастудзе, грыпе. Таксама ён можа быць наследкам траўмы (струсу мазгоў), атручвання (менавіта таму галава баліць падчас пахмелля), пры некаторых нервовых захворваннях, хваробах вачэй ці вушэй ды інш.

Калі трэба звяртацца да доктара?

Пажадана ў любым выпадку моцнага галаўнога болю, асабліва калі ён з’яўляецца ўпершыню або змяняецца яго інтэнсіўнасць, частата. Толькі доктар можа беспамылкова вызначыць яго прычыну і прызначыць адэкватнае лячэнне. Няправільна «глушыць» боль болепатольнымі прэпаратамі — прыносячы ў многіх выпадках часовую палёгку, яны тым не менш не ўздзейнічаюць на прычыну болю, тым самым толькі зацягваюць вырашэнне праблемы.

Неабходна абавязкова звярнуцца да доктара, калі боль інтэнсіўны, нясцерпны. Найбольш частай прычынай такога болю з'яўляецца мігрэнь ці іншыя, падобныя на яе, так званыя кластарныя болі. Аднак прычынай яго могуць быць, і нярэдка з'яўляюцца, і больш сур'ёзныя захворванні, такія, як кровазліццё ці запаленне мозгу. Адрозніць прыступы асабліва моцнай мігрэні ад такіх сур'ёзных хвароб не складае для дасведчанага доктара праблемы.

Асабліва важна тэрмінова звярнуцца па дапамогу, калі да галаўнога болю далучаюцца іншыя сімптомы: высокая тэмпература, млоснасць, ваніты, галавакружэнне, парушэнне каардынацыі і зроку, пачырваненне або бледнасць скуры, сып, агульная слабасць, пачуцце страху.

pixabay.com

pixabay.com

Што такое галаўны боль напружання?

Гэта самы часты і распаўсюджаны від галаўнога болю. Папросту кажучы, гэта вынік стомы. Ён узнікае тады, калі перапрацаваліся, былі доўга напружанымі мышцы шыі, плячэй. Напрыклад, вы доўга сядзелі за камп’ютарам, за стырном, спалі ў нязручнай позе. Боль пры гэтым нямоцны або сярэдняй інтэнсіўнасці, можа лакалізавацца на патыліцы, лобе або ахопліваць усю галаву. Такі боль часта можа быць і вынікам псіхаэмацыйнага напружання, вельмі напружанай вучобы і г. д.. Каб зняць боль, можна прыняць таблетку анальгетыку, але важна таксама нармалізаваць рэжым дня, дастаткова адпачываць, падчас работы рабіць невялічкія размінкі, бываць на свежым паветры, мець адпаведныя фізічныя нагрузкі — займацца спортам, рухацца. Бо інакш гэты боль можа набыць хранічную форму, і тады справіцца з ім будзе цяжэй.

Што такое мігрэнь?

Мігрэнь — хвароба, хутчэй за ўсё, абумоўленая генетычна, якая характарызуецца прыступамі галаўнога болю і іншых сімптомаў, якія яго суправаджаюць. Прыступ мігрэні, як правіла, мае тыповы набор сімптомаў, якія кожны раз паўтараюцца (прадромы — так званыя прадвеснікі, аўра, галаўны боль, астаткавыя сімптомы). Доўжыцца прыступ мігрэні некалькі гадзін або дзён. Боль можа з'явіцца самаадвольна або быць выкліканы рознымі знешнімі фактарамі, такімі як стрэс або менструацыя. Прыступы паўтараюцца з рознай частатой, якая, як правіла, узрастае ў асабліва цяжкія перыяды жыцця.

Мігрэнь — адна з самых частых неўралагічных хвароб. Лічыцца, што больш за 10% людзей пакутуюць ад прыступаў мігрэні, але толькі ў часткі з іх яна складае істотную медыцынскую праблему. Сустракаецца часцей у жанчын (4:1). Першыя прыступы мігрэні з'яўляюцца ўжо ў дзяцінстве ці ў маладым узросце, як правіла, да 30 гадоў.

Прычына гэтай хваробы слаба вывучана. У паловы хворых яна ёсць і ў іншых членаў сям'і. Наяўнасць прыступаў, справакаваных знешнімі фактарамі, такімі як стрэс або некаторая ежа (чырвонае віно, сыр, шакалад), паказвае, што хвароба звязана з падвышанай адчувальнасцю на некаторыя знешнія раздражняльнікі. Гэтая звышадчувальнасць, аднак, цыклічна змяняецца: адразу пасля прыступу справакаваць новы прыступ намнога цяжэй, чым праз нейкі час.

Значна больш вядома аб механізме самага прыступу. Згодна з класічнай тэорыяй патагенезу мігрэні, прыступ пачынаецца звужэннем соннай артэрыі. Гэтае звужэнне адбываецца таму, што пад уплывам розных правакацыйных фактараў з трамбацытаў крыві вызваляецца сератанін. Ён хутка раскладаецца, і гэта стае прычынай такога ж раптоўнага расшырэння сасудаў, да гэтага дадаецца ацёк навакольных тканак, павышаная ўзбуджальнасць нервовых клетак — гэта і прыводзіць да моцнага болю.

Часцей за ўсё мігрэнь выступае ў дзвюх формах: мігрэнь з аўрай (сустракаецца ў 10% хворых) і мігрэнь без аўры. Аўра — гэта набор сімптомаў, якія непасрэдна папярэднічаюць самому прыступу: мільганне кропак і зігзагаў перад вачыма, аслабленне зроку, «мурашкі» на целе, аняменне рук і ног за некалькі хвілін перад пачаткам прыступу.

Прыступу болю пры мігрэні могуць папярэднічаць таксама так званыя прадрамальныя сімптомы, якія з'яўляюцца за некалькі гадзін ці за дзень. Гэта змены настрою, парушэнні ўвагі і здольнасці сканцэнтравацца, часам патлівасць, парушэнні мочавыдзялення, стула, святлабоязь.

pixabay.com

pixabay.com

Галаўны боль можа з'явіцца раптам або паступова ўзмацняцца на працягу гадзін. Тыповыя рысы галаўнога болю пры мігрэнях: як правіла (але не заўсёды), боль лакалізуецца ў палавіне галавы, ён пульсуючы (калі ў вас ціск, то вам нібы здушвае патыліцу, а пры мігрэні боль нібы пульсуе), суправаджаецца млоснасцю, якая прагрэсуе па меры прыступу, ванітамі («на вяршыні» прыступу — калі чалавек званітуе, яго пакуты слабеюць), святлабояззю, звышадчувальнасцю на гукі, боль узмацняецца пры фізічнай актыўнасці. Пасля прыступу мігрэні хворыя адчуваюць сябе звычайна стомленымі і соннымі. Яны таксама часта скардзяцца на невялікі, тупы галаўны боль іншага характару.

Многія людзі, якія пакутуюць ад мігрэні, могуць вызначыць фактары, якія правакуюць з'яўленне прыступаў. Тыповы прыклад — з'яўленне мігрэні пасля заканчэння працоўнага тыдня (у суботу і нядзелю). Гэта тлумачыцца расслабленнем пасля стрэсу, але таксама можа быць выклікана больш доўгім, чым звычайна, сном. Занадта доўгая фаза сну, названая сном з хуткімі рухамі вочных яблыкаў, якая з'яўляецца ў асноўным пад канец сну, можа быць фактарам, які выклікае галаўны боль. Часта правакуючымі фактарамі з'яўляюцца недасыпанне, змена надвор'я, менструацыя, некаторая ежа (шакалад, сыр, арэхі, чырвонае віно і г. д.), некаторыя лекі, якія пашыраюць сасуды, гарманальныя сродкі.

Як лячыць мігрэні? На жаль, не існуе лекаў, якія б радыкальна пазбаўлялі ад мігрэняў. Таму важна пазбягаць правакацыйных фактараў. Гэта можа аказацца досыць выніковым лячэннем. Таксама важныя адпаведныя паводзіны падчас прыступу: на пачатку прыступу як мага раней прыняць назначаныя доктарам лекі, пазбягаць фізічнай актыўнасці, празмернага святла або шуму.

Падчас прыступу боль можна паменшыць звычайным болепатольным лекамі, такім як аспірын або парацэтамол. Пры развітым прыступе мігрэні, калі ёсць ваніты і млоснасць, прынятыя ўнутр лекі не могуць усмактацца, і таму не акажуць дзеяння. Гэтыя лекі трэба прымаць у самым пачатку прыступу, перад тым як з'явіцца млоснасць і ў досыць вялікай дозе (2 таблеткі тыповага анальгетыку). Або прымаць іх разам з дозай кафеіну (у цытрамон, напрыклад, спецыяльна дадаюць кафеін). Можна скарыстацца рэктальнымі свечкамі. Нягледзячы на ​​вельмі моцны боль, не варта прымаць пры мігрэні наркатычныя болепатольныя лекі, бо развіваецца прывыканне (неабходнасць павелічэння доз) і залежнасць.

Болепатольныя лекавыя прэпараты павінны прызначацца доктарам.

Калі колькасць прыступаў мігрэні большая за два ў месяц, доктар назначае прафілактычныя лекі групы бета-адрэнаблакатараў.

Сваю эфектыўнасць пры мігрэнях даказалі таксама трыптаны, іх выпускаюць і беларускія прадпрыемствы.

Што такое кластарныя болі?

Гэты боль названы так, бо з’яўляецца «кластарамі» — групамі прыступаў на працягу пэўнага часу. У астатні час боль пра сябе не нагадвае. Часцей бывае у мужчын. Інтэнсіўнасць болю бывае вельмі моцнай, лакалізованы ён звычайна таксама ў адной палове галавы, аддае ў вачніцу, таксама падчас прыступу назіраецца пачырваненне вока, насмарк, птоз века (апушчэнне века), цякуць слёзы.

Спосабаў поўнага пазбаўлення ад гэтага болю пакуль няма. Для зніжэння інтэнсіўнасці болю падчас прыступаў выкарыстоўваюцца болепатольныя сродкі, якія мусіць назначыць доктар.

Як лечыцца боль галавы пры павышаным або паніжаным ціску?

Гэты боль не такі інтэнсіўны, як папярэднія, але таксама дастаўляе чалавеку вялікі дыскамфорт. Пазбавіцца ад яго можна, нармалізаваўшы ціск, але гэта не заўсёды проста. Выявіць прычыну занадта высокага або паніжанага ціску можа толькі доктар пры дапамозе спецыяльных дыягнастычных даследаванняў. Адэкватна падабаранае лячэнне дае добры вынік. Трэба адзначыць, што, калі павышаны ціск і не праяўляецца моцнымі болямі, яго ўсё ж трэба абавязкова лячыць, бо ён сутнасна павялічвае рызыку інсульту. Нездарма павышаны ціск называюць «ціхім забойцам».

Пухліны мозгу

Існуюць людзі, якія заўсёды баяцца горшага. Калі ў такога чалавека ёсць галаўныя болі, ёй панічна падазрае, што іх прычына — пухліна мозгу. Насамрэч, гэтае захворванне нячастае, і, хутчэй за ўсё, прычына болю ў іншым. Сучасныя дыягнастычныя метады дазваляюць выявіць пухліну мозгу на досыць ранняй стадыі.

Калі можна бязбоязна прымаць болепатольныя таблеткі?

Калі вы дакладна ведаеце прычыну болю і атрымалі рэкамендацыю па прыёме болепатольных сродкаў ад доктара і калі гэта адбываецца не занадта часта. Напрыклад, калі ў вас прастуда і баліць галава — то ясна, што вы прымеце парацэтамол або ібуфен у дазіроўцы, указанай у інструкцыі, і атрымаеце палёгку. Але калі прычына галаўнога болю няясная — то за дапамогай варта звяртацца да спецыяліста.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?