Пухавіцкі раённы суд прызнаў паэта Славаміра Адамовіча вінаватым у крадзяжы маёмасці і прысудзіў яму 2 гады хатняй «хіміі» — абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня, паведамляе «Радыё Свабода».

Славамір Адамовіч пасьля суду сказаў карэспандэнту «Свабоды», што ня будзе абскарджваць прысуд.

На пытаньне, як гісторыя са сьледзтвам і судом за крадзеж паўплывала на творчасьць, Славамір Адамовіч адказаў, што з творчасьцю ў яго ўсё цудоўна. «Вось толькі няма дзе друкавацца», — паскардзіўся паэт.

Некалькі разоў начамі зь лістапада па 16 сьнежня 2018 года Славамір Адамовіч пранікаў на лецішча Сяргея Ляшчынскага ў вёсцы Цагельня.

За гэты час Адамовіч вынес з дому і хлява Ляшчынскага больш за 30 розных прадметаў, у тым ліку мэблю, адзеньне, посуд, інструмэнты і прылады. Сьледзтва ацаніла кошт скрадзенага ў 300 рублёў.

Усе рэчы Адамовіч пасьля вярнуў пацярпеламу, акрамя дзьвюх рэпрадукцый карцін, якія спаліў у печы.

Славамір Адамовіч віну цалкам прызнаў і патлумачыў свой учынак патрэбай «атрымаць псыхалягічную разрадку».

На працэсе Адамовіч двойчы прасіў прабачэньня ў Ляшчынскага, які ў выніку не выставіў яму пазоў за матэрыяльныя і маральныя страты.

Прысуд уступіць у сілу праз 10 дзён. Славаміру Адамовічу паведамяць у міліцыі, як будзе абмежаваная ягоная свабода ў наступныя 2 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?