Дзяніс Мандзік пакінуў пасаду кіраўніка «Моладзі БНФ». У сябе ў фэйсбуку ён патлумачыў рашэнне тым, што яго нашмат больш за палітыку цікавіць беларуская культура, музыка.
«Калі мне даводзілася прымаць на сябе гэты ўдар, у арганізацыі проста не было выбара, сапраўды было вельмі дрэннае становішча, а я знаходзіўся ў арганізацыі два гады і меў пэўны досвед. Але ўжо тады я разумеў, што я не палітык і гэта не маё, — піша Мандзік. — Але ж зараз з’явіўся гурток заангажаваных маладзёнаў, прыпраўленых досведам старых мацёрых актывістаў. І я лічу, што ў іх нашмат болей шанцаў змяніць становішча, чым у мяне было».
Дзяніс Мандзік падзякаваў усім, з кім працаваў гэтыя гады, бо атрымаў вялікі досвед і шмат цікавых знаёмстваў. І апублікаваў фота сваіх паплечнікаў.
Асаблівую падзяку ён выказаў Партыі БНФ.
«Ну а цяпер я адпраўляюся ў свет музыкі, спадзяюся дасягнуць там нашмат большых велічынь», — адзначыў Мандзік.
Дзяніс Мандзік родам з Барысава, быў абраны кіраўніком «Моладзі БНФ» у верасні 2018 года. Папярэдняя старшыня, Ганна Смілевіч, узначальвала моладзевую суполку таксама менш за год.
Ганна Смілевіч (злева) і Дзяніс Мандзік (справа). Фота: Белсат.





