Экзіт-пол, праведзены пулам сацыялагічных цэнтраў (па стане апытання на 18.00), %:

Зяленскі 30,4
Парашэнка 17,8
Цімашэнка 14,2
Бойка 9,8
Грыцэнка 7,1
Смяшко 6,4
Ляшко 4,8
Вілкул 4,0
Кашулінскі 1,8

Экзіт-пол SOCIS, %

Зяленскі 29,25
Порошенко 19,19
Цімашэнка 13,75
Бойка 9,24
Грыцэнка 7,91

Экзіт-пол 112 + NewsOne

Зяленскі 30,7
Парашэнка 18,6
Цімашэнка 13,9
Бойка 10,3
Грыцэнка 7,3
Смяшко 6,6
Ляшко 4,3
Вілкул 3,3
Кашулінскі 2,0

Вынікі экзіт-полаў мала адрозніваюцца ад звестак сацыёлагаў перад галасаваннем. Парашэнка набраў найбольш галасоў толькі на захадзе Украіны. У цэнтры, на поўдні і ўсходзе перамагае Зяленскі. У той жа час Парашэнка абыходзіць Цімашэнку на некалькі працэнтаў галасоў ва ўсіх рэгіёнах.

Звяртае ўвагу выхад у першую шасцёрку кандыдатаў Смяшко — былога кіраўніка Службы бяспекі Украіны пры прэзідэнце Кучме. Імаверна, ён пастараецца замацаваць свой поспех на парламенцкіх выбарах.

Паведамляецца, што Юлія Цімашэнка ўжо абмяркоўвае з Зяленскім умовы падтрымкі яго кандыдатуры ў другім туры.

Расія дала выразна зразумець, што хацела б, каб Пятро Парашэнка прайграў. Маскве важна паказаць, што ніякі прэзідэнт не можа мець трывалую ўладу ў Кіеве без кампрамісаў з Масквой.

У 2014 годзе Масква ў пакаранне за праеўрапейскі курс Украіны анексавала Крым і адарвала Данбас. Парашэнка быў абраны ў сітуацыі фактычнай вайны, калі стаяла пагроза страты паўднёвай паловы краіны.

Парашэнку ўдалося стабілізаваць сітуацыю. У яго актыве — стварэнне баяздольнай арміі, аднаўленне эканамічнага росту, здабыццё ўкраінскай царквой аўтакефаліі і ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам. Пасля 2015 года Украіна ўтрымлівала лінію фронту ў Данбасе, а многія кіраўнікі прарасійскіх боефарміраванняў былі знішчаны кропкавымі тэрактамі. Сярод іх і кіраўнік «Данецкай Народнай Рэспублікі» Захарчанка.

У той жа час украінскіх выбаршчыкаў турбуюць больш празаічныя рэчы. Казнакрадства ва Украіне працягвалася, а тэмпы эканамічнага росту былі невысокія. Украіна застаецца краінай з найніжэйшымі ў Еўропе заробкамі, гэта не шкодзіла прэзідэнту Парашэнку адпачываць на Мальдывах. Менавіта таму, нягледзячы на ўсе заслугі ў дзяржаўным будаўніцтве, Парашэнка застаецца ў лідарах антырэйтынгу — 49%, што ўскладняе яго перспектывы ў другім туры, нават калі ён выйдзе туды.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадказаў перамогу Пятра Парашэнкі, што можна разглядаць як жэст падтрымкі з яго боку. Пры Парашэнку Украіна праводзіла асцярожны курс у адносінах з Мінскам, каб Беларусь захавала нейтралітэт у расійска-ўкраінскім канфлікце, няглядзячы на наяўнасць беларуска-расійскага саюза.

Як кажуць сацыёлагі, найбольшыя шанцы на перамогу мае комік Уладзімір Зяленскі, які збірае пратэставыя галасы і папулярны сярод моладзі. Ён цесна звязаны з алігархам Ігарам Каламойскім, які кантралюе многія даходныя сферы ўкраінскай эканомікі. У выпадку перамогі Зяленскі стане першым чалавекам яўрэйскага паходжання на пасадзе прэзідэнта Украіны.

Прыход да ўлады іншай алігархічнай групоўкі наўрад ці прывядзе да рэзкага віражу ў палітычным і эканамічным курсе Украіны. У той жа час зменаў можна чакаць у культурнай палітыцы. Пятро Парашэнка праводзіў курс на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Наўрад ці такая палітыка будзе блізкая Зяленскаму, які не гаворыць па-ўкраінску і мае найбольшую падтрымку на поўдні. Парашэнка на гэтых выбарах мае найбольшую падтрымку на захадзе і ў цэнтры краіны. Хоць у цэлым у параўнанні з выбарамі 2004 і 2010 гадоў рэгіянальныя адрозненні згладзіліся.

Падтрымку курсу на Еўрасаюз і НАТО дэкларуюць усе тры самыя папулярныя кандыдаты.

Мяркуецца, што перад другім турам большасць кандыдатаў падтрымае Зяленскага. У той жа час прыхільнікі Парашэнкі ўскладаюць спадзяванні на тэледэбаты.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?