Стала вядома, што Канстанціну «Бацюшку са свастыкай» Бурыкіну выстаўлены новыя абвінавачванні. Аператыўнікі мяркуюць, што з 2014 па 2016 гады ён выдаткаваў на ўласныя патрэбы частку грошай, што выдзяляліся на камандзіроўкі спартсменаў. Агульная шкода склаў каля 17500 рублёў.
Заведзена крымінальная справа па ч. 3 арт. 211 КК(прысваенне або растрата). Максімальнае пакаранне — 7 гадоў зняволення.
Чытайце: «Бацюшку са свастыкай» выставілі новыя абвінавачванні — яму пагражае яшчэ 7 гадоў зняволення
Абазнаныя крыніцы паведамілі «Нашай Ніве», пра што канкрэтна ідзе гаворка.
«Сапраўды, там быў непарадак з замежнымі камандзіровачнымі. Выглядала гэта так: едуць спартоўцы ў Эстонію, напрыклад, а ім выплочваецца толькі палова ад нормы суткавых», — сказала абазнаная крыніца.
Але, паводле яе, апроч такіх дробных мухляжоў былі і больш значныя.
«Пасля пачатку гэтай гісторыі ў 2016-м кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне Мінфіна па Мінскім раёне рабіла праверку дзейнасці Федэрацыі паўэрліфтынга. Па выніках якой нарадзілася вялізная запіска, на падставе чаго ў работу пусцілі органы», — сказалі нам.
Нагадаем, што ў той час федэрацыяй паўэрліфтынга афіцыйна кіраваў старшыня БФСТ «Дынама» Генадзь Калеснік, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы кіраўнік Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС, а Бурыкін быў ягоным намеснікам і фактычным кіраўніком федэрацыі.
«Ад «Дынама» на дзейнасць федэрацыі выдзяляліся займы, падпісваў іх Калеснік. Але тое ж кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне зрабіла выснову, што першапачаткова гэта парушэнне закона, бо грамадскае аб'яднанне паводле Статуту не займаецца камерцыйнай дзейнасцю, таму займы не маглі выдзяляцца, бо ім апрыоры няма з чаго аддаваць — федэрацыя ж не зарабляе. І гэтыя даўгі так і засталіся на БФСТ «Дынама» і на Федэрацыі», — дадала крыніца.
Уганараванне Калесніка на пасадзе новага старшыні. Фота dynamo.by
Наколькі нам вядома, да Генадзя Калесніка, які цяпер кіруе санаторыем «Беларусь» у Сочы, ужо наведваліся работнікі сілавых структур, ягоная роля ў гэтай гісторыі пакуль не да канца зразумелая.
«Наша Ніва» ужо дэталёва расказвала пра дзейнасць Бурыкіна ў Федэрацыі паўэрліфтынга.
Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі





