Журы абвясціла вынікі прэміі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў.
Сёлетнімі лаўрэаткамі Прэміі Цёткі зрабіліся Вера Бурлак, аўтарка кнігі вершаў «Фантазюркі» (у намінацыі «Найлепшая дзіцячая кніга»), і мастачка Кацярына Дубовік, якая праілюстравала кнігу Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты» (у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне»). Цырымонія ўзнагароджання прайшла 6 красавіка ў культурным хабе ОК16 падчас Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».
Пераможцы ў кожнай з намінацый атрымалі грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$.
Журы таксама адзначыла найлепшыя працы ў абедзвюх намінацыях і склала адпаведныя шорт-лісты.
Літаратурны спіс:
1. Вера Бурлак. Фантазюркі. Галіяфы, 2018;
2. Пятро Васючэнка. Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Кнігазбор, 2018;
3. Наталка Харытанюк. Казкі старога Адамкова. Логвінаў, 2018;
4. Ганна Янкута. Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў. Янушкевіч, 2018.
Мастацкі спіс:
1. Таццяна Анішчанка — Ганна Галавіна. Летняя азбука. Галіяфы 2018;
2. Дар’я Ганчарык-Чарняўская — Аляксей Якімовіч. Прыгоды Белай Мышкі. Выдавецкі дом «Звязда», 2018;
3. Лілія Давыдоўская — Ганна Янкута. Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў. Янушкевіч, 2018;
4. Кацярына Дубовік — Надзея Ясмінска. Чаму Меша не мае хаты. Кнігазбор, 2018;
5. Воля Кузьміч — Наталка Харытанюк. Казкі старога Адамкова. Логвінаў, 2018;
6. Андрэй Пакроўскі, Вераніка Лемешава — Вера Бурлак. Фантазюркі. Галіяфы, 2018;
7. Стася Сакалоўская — Надзея Ясмiнска. Пацеркі і кроплі. Янушкевіч, 2018;
8. Алена Сацута — Надзея Ясмiнска. Дом цікаўных казак.
Галіяфы, 2018;
9. Маргарыта Ціхановіч — Маша Чаракова, Джордж Таннер. Прыгоды павука. Папуры, 2018.
У склад літаратурнага журы сёлета ўвайшлі Андрэй Жвалеўскі, Алена Казлова (Анка Упала), Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Людміла Рублеўская і Андрэй Хадановіч. Сябрамі мастацкага журы былі Васіліса Паляніна, Валерый Славук і Павел Татарнікаў.
Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія пераможцы прэміі: Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі «Сем ружаў», і Кацярына Дубовік — яе ілюстратарка, а таксама Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», Валер Гапееў за кнігу «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч за афармленне «Азбукі» Рыгора Барадуліна.





