Журналіст тэлеканала «Белсат» Алесь Залеўскі патлумачыў, з чым можа быць звязаны ператрус, які адбываецца ад ранку ў мінскім офісе канала.
Андрэй Швед. Фота sb.by.
Яшчэ летам 2018 года Залеўскі рыхтаваў матэрыял пра затрыманні ў медычнай сферы. Журналіст паведаміў у сюжэце пра затрыманне дырэктара «Медтэхнацэнтра» Алега Шведа.
Але ў тэкставай версіі на сайце з’явілася паведамленне, што затрыманы і ягоны брат, кіраўнік Камітэта судовых экспертыз Андрэй Швед.
У канцы ліпеня «Белсат» на сваім сайце зняпраўдзіў інфармацыю, папрасіў прабачэння ў чыноўніка. Журналіст сцвярджае, што хацеў асабіста сустрэцца з Андрэем Шведам, але той адмовіўся.
Пасля гэтага, па словах Залеўскага, кіраўнік камітэта судовых экспертыз нібыта папрасіў завесці крымінальную справу па фактах паклёпу і дыскрэдытацыі. Была таксама заведзеная адміністрацыйная справа.
Справу перадалі ў Следчы камітэт. Сілавікі на працягу некалькіх месяцаў разглядалі справу,
але ў лістападзе 2018 года прынялі рашэнне не заводзіць крымінальную справу.
Праўда, у студзені 2019 года справу ўсё ж завяла Мінская гарадская пракуратура (Швед — выхадзец якраз з пракуратуры). Залеўскі сцвярджае, што Швед пісаў скаргі на рашэнне СК.
Сведкамі па справе праходзяць сам Залеўскі, аператар Аляксандр Любянчук, прадстаўнікі тэлеканала Аляксей Мінчонак і Ірына Слаўнікава.
Цяпер сілавікі нібыта збіраюцца накіраваць зварот у Варшаву, каб даведацца, хто быў адказны за выстаўленне інфармацыі.
Сам Алесь Залеўскі лічыць сябе вінаватым у інцыдэнце, аднак кажа, што крымінальная справа не мусіць быць заведзеная.
У офісе Белсата ў Мінску ідзе ператрус
Як выглядае офіс Белсата пасля ператрусу
***
Хто такі Андрэй Швед?
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Лельчыцкім раёне. Скончыў юрфак БДУ (1996). Працаваў у пракуратуры Мінска (1996-1998), генеральнай пракуратуры (1998-2006). Быў начальнікам экспертна-прававога аддзела Рады бяспекі. У 2010-2011 — намеснік генеральнага пракурора. Пасля быў намеснікам старшыні ў наваствораным Следчым камітэце. Ад 2013 года — першы кіраўнік Камітэта судовых экспертыз. Генерал-маёр юстыцыі.
Андрэй Швед быў кіраўніком аператыўнай следчай групы па расследаванню тэракта ў метро 2011 года.





