Сёння Алесю Ліпаю споўнілася б 53 гады. Кіраўнік Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН памёр 23 жніўня
Памяці Алеся Ліпая
Ты ўзышоў да нябёс ад зямлі і вады,
Дзе знямела зязюля, злічыўшы гады
І ступіў у вякі, якім зліку няма,
У якіх нават смерць заблукае сама.
Хай не жонка яна, не сястра, не кума,
Ды цяпер у яе твой кіёк і сума,
І абняўся ты з ёй, каб у лёсе сваім
Не зблукаўся адзін, не застаўся адным.
Паскараючы крок, ты ідзеш між аблок,
І не цягне сума, не слізгае кіёк
Ні па кручах зямлі, ні па хвалях вады,
На якіх ты яшчэ пакідаеш сляды.
А калі на зямлі, і калі на вадзе
Аніякіх слядоў ты не ўбачыш нідзе,
Тады ўдарыцца смерць аб нябесную цвердзь —
І зязюляй знямелай абернецца смерць.





