19-гадовы жыхар вёскі Гарадок Маладзечанскага раёна размясціў у інтэрнэце ад імя сваёй дзяўчыны яе пікантныя здымкі і пералік платных інтымных паслуг. Так ён хацеў адпомсціць на развітанне, паведамляе УУС.
У міліцыю звярнулася 18-гадовая жыхарка Маладзечна, якая паведаміла, што не можа атрымаць доступ да асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках «Укантакце» і «Instagram». Акрамя таго, на яе старонках размешчаныя фатаграфіі непрыстойнага зместу і запісы, быццам дзяўчына аказвае інтымныя паслугі за грошы.
Як высветлілі праваахоўнікі, на старонкі дзяўчыны ў сацсетках зайшоў яе знаёмы. Пароль ад акаўнтаў яна дала яму асабіста незадоўга да інцыдэнту. Пасля некалькіх гадоў адносін маладыя людзі рассталіся.
З рэўнасці або, верагодна, з помсты былы хлопец змяніў налады прыватнасці, а менавіта рэквізіты, неабходныя для ўваходу ў акаўнты.
Акрамя таго, выставіў на ўсеагульны агляд інтымныя фатаграфіі дзяўчыны і запісы пра платныя інтымныя паслугі ад яе.
Хлопец ва ўчыненым злачынстве раскаяўся.





