Дзяржаўны камітэт па развіцці і рэформам Кітая мае намер аб'явіць майнінг крыптавалют па-за законам, паведамляе Bloomberg.
Рашэнне яшчэ не прынятае канчаткова — Дзяржкамітэт толькі апублікаваў спіс «шкодных галін», куды патрапілі тыя сферы эканомікі, якія занадта марнуюць рэсурсы або моцна забруджваюць навакольнае асяроддзе, сярод іх і майнінг крыптавалют. Канчатковае рашэнне будзе прынята пасля кансультацый з грамадствам і ўладамі, якія завершацца 7 мая.
Па некаторых ацэнках, на Кітай прыходзілася каля 70 адсоткаў здабычы біткойнаў і 90 адсоткаў усіх здзелак з крыптавалютамі. Аднак на працягу апошніх двух гадоў дзяржава робіць больш жорсткай палітыку ў адносінах да крыптаіндустрыі — яна асцерагаецца ўзнікнення спекулятыўных бурбалак, махлярства і марнатраўнага энергаспажывання.





